На сцэне акцёр заўсёды павінен іграць, адчуваючы ўзрост, пол і нацыянальнасць, — як казаў Міхоэлс
|
Мой сябар памірае. Самы блізкі. Брыда засцілае вочы. Левае залівае каламутна-зялёная кіслявая жыжка ўперамешку з тоўчаным шклом. Правае рэжа чырвоны калючы пясок. Агіда точыць нутро: не змог зберагчы. Ён паклаў мне галаву на руку і языком, як звычайна, спрабуе дастаць да вуха. Я трымаю яго за лапу і нахіляюся, тыцкаючыся носам у шэрую макаўку. Потым сваім чырвоным раскіслым носам я прытуляюся да сухога носа любага сабакі, з натуральнае скуры, як любіў я шаптаць, выціраючы яму бараду пасля вячэры. Язык не варочаецца паўтарыць дыягназ за прафесаркай з акадэміі Скрабіна. Я доўга не хацеў даваць веры, завёз на рэнтген. Аперацыю рабіць ужо нельга, дый балючая яна, як і кароткае жыццё па ёй. Адзін з ягоных метастазаў у мяне ў сэрцы. Шчэміць нязносна. Брыда сціскае судзіны, тромбы ўжо і ў бронхах, і ў самлелых руках, і ў няцвёрдых нагах. Дзесяць год для сабакі — паважны век. Але ж я быў негатовы. Зусім.
Як магло стацца, што за дзесяць гадоў гэты брахлівы камячок зрабіўся для мяне родным чалавечкам? Праўда-праўда, маленькім, кашлатым чалавечкам. Не перастану паўтараць, што сабака — хоць і не чалавек, але ўжо і не жывёла. Колькі запалу, наіўнае хітрасці, шчодрых эмоцый, нарэшце, гумару. І шчырасці, і адданасці. Якіх я шукаў у людзей, як сабака валачашчы гаспадара шукае. Выявілася, што два гараскопныя ільвы ў адной клетцы могуць жыць у згодзе і лагодзе. Але чаму ж так нядоўга?
Я ўзяў яго амаль месячным, калі яшчэ трэба было прыкармліваць малаком. Яшчэ жывоцік не зарос поўсцю. Затое характар выявіўся адразу. Дзе толькі я не мосціў яго спаць, якіх толькі подсцілак і дамкоў не рабіў, — не, енк разлягаўся неадкладна і няўхільна. Яшчэ няўпэўнена стоячы на лапках, ён цягнуўся па ножцы ложка, бубніў кіпцюркамі і пісклява прасіў, упрошваў свайго бога ўзяць яго на Алімп, хаця б на ноч. І толькі калі я ў паўсне зграбаў яго ў жменю і падымаў на пасцель, ён увішна пыхцеў, віў з прасціны гняздо, скручваўся абаранкам і ўмомант засынаў. І шчасліва соп мне ў вуха. Рознае бывала за гэтыя гады, ды каб гадзіць у ёй — ніколі. Але, дзесяць год у адной пасцелі. Калі ў ложку з’яўляўся хтось трэці, ён нерваваўся — ён абараняў. Спачатку не пушчаў, ажно рычэў. Але як пераконваўся, што на гэта мая божая воля, панура даваў месца. Швабская дысцыпліна і тактоўнасць — у генах, дарма што шнаўцэр. Франц фон Міттэльшнаўцэр.
Бяда не ідзе адна. У іншым горадзе памірае мой бацька. Дыягназ такі ж самы. Ужо былі і аперацыя, і апраменьванне, і хіміятэрапія. І доўгія размовы па тэлефоне. І рытуальна развітальнае “мацуйся, папраўляйся”. І аніводнае слязінкі. І шторазу трэба намаганне, каб патэлефанаваць. Хоць усе мяркуюць, што ў нас нармальныя адносіны. Дый мы з бацькам ужо самі прызвычаіліся гэтак думаць. Ён цікавіцца маёй працай, я — ягоным здароўем. Раз ці два на год я прыязджаю. Цэлы вечар апавядаю пра работу, пасля слухаю пра здароўе. А тады іду прагуляцца з Францам і на ўсё забываюся.
Ён не есць ужо трэці дзень. Толькі п’е ваду. Яму цяжка хадзіць. Недзе ўсярэдзіне баліць. Але не стогне, толькі цяжка, па-старэчы, ўздыхае. Калі падыходжу, ён паволі падымае галаву і адварочваецца. Хавае вочы. А я баюся ў іх зазірнуць. Баюся да болю, баюся болю. Відаць, ён гэта разумее. Я прыношу вараную курыную грудку. Ён удзячна ліжа мне руку, ды мяса нават не нюхае. Але на шпацыр мы ходзім, як і раней. Да сабак не падыходзім. Ціхенька і нядоўга пасвімся на газоне. На ўсходках я на ўсялякі выпадак бяру яго на рукі. У ліфце ён просіцца на падлогу, нібы апраўдваючыся, што не такі ўжо й благі. І ўсьцяж адводзіць вочы. Яму сорамна, што ён болей не вартавы, не ахоўнік, не анёл-захавальнік мой. Вось ізноў найшло, і суседзі зараз заўважаць вільгаць у вачох. Крый божа, запытаюць. Добра, што ліфт адчыніўся.
У апошняй размове бацька пытаўся, як Францішак. З ветлівасці. З жыдоўскае сямейнае ветлівасці. Я нетактоўна перавёў размову на іншае. Не з гойскага хамства. Чырвоных вачэй па тэлефоне не ўбачыць, маю права маўчаць. Наогул, я мала сказаў яму ў гэтым жыцці. І гаварыць не збіраюся. Мы — чужыя. Пасля недарэчнай мамінай смерці мы з сястрой удаем сям’ю. А цяпер удаем клопат пра бацьку. Які памірае.
Калі я нарадзіўся, яму было дзевятнаццаць, ён тады быў у войску, і, ведама, было не да загсу. І не да выпадковага дзіцяці. Але ў канцы службы крэўныя з абодвух бакоў угаварылі распісацца. Гэтак я зрабіўся законным сынам, і ў мяне з’явіўся тата. Праўда, гадоў да сямёх бачыў яго я рэдка, адно тады, як яны з мамаю прыязджалі з вялікага казачнага гораду, прывозячы чарговы жалезны “ЗиМ” ці канструктар.
А жыў я далей з любымі бабуляй і прабабуляй — гадаваўся ў бабак, як казалі ў нашым мястэчку. Маладая бабуля Алена рабіла дырэктаркай малаказаводу, і я сікаўся з радасці — і даслоўна таксама — калі яна брала мяне з сабою на працу. Па-першае, тамака быў цэх марожанага, куды сцежку дырэктарчын унук знайшоў хутка, і, калі бабуліну ўвагу забіралі важныя справы, я ціха вышмыгваў да добрых ліслівых цётачак, якія заўжды частавалі... Я падстаўляў вафельныя кубачкі то пад малочна-белыя, то пад крэмава-смятанкавыя, то пад сунічныя, то пад шакаладныя струмяні з аўтамату, і спачатку прагна, а пасля цераз сілу кусаў, лізаў, глытаў гэты забаронены дома ласунак. Пакуль мяне не спасцігала строгая баба Алена і не вырывала з ліпкіх ручак рэшту расталай асалоды. І я ўжо разумеў, што адплатай будзе катаванне ўвечары мікстурай і даўкім малаком з мёдам. З вінавата-пакрыўджаным выглядам я цішком выціраў рукі і пыску аб яе сукенку і бег на “хоздвор”, дзе мяне чакала “па-другое”. Там жыла гайня бязродных касмапалітычных сабак, якія за акрайчык бракаванага сыру бясспрэчна прынялі мяне ў зграю, і з якімі я мог запамятала лётаць да канца бабаленінага працоўнага дня... Францішак, дружа, скібачку сыру. Доўга нюхае, адкусвае, трохі жуе і выплёўвае. Заплюшчвае вочы, калі лашчу яму шыю і чухаю за вухам.
Прабабка Марыся лячыла мяне з імпэтам фельчаркі на пенсіі. Як конік у яблыках, скакаў я пасля яе баначнае тэрапіі. Нават улетку, колькі сябе памятаю, шыя была заматаная хусткаю або шалікам. А яшчэ яна часта брала мяне з сабой у грыбы. Мы доўга і да стомы ішлі лесам, я — з парай нязменных лісічак ў рукох, яна — з зашмальцаваным кошыкам, пакуль не выходзілі на ўзлессе, дзе раптам на небакраю з’яўлялася мроя — сляпуча белыя высокія дамы. — Баб Марысю, гэта Мінск, га? — Не, зайка, Мінск далёка, але хутка ты паляціш самалётам у Мінск, да мамы і таты, тамака і ў школу пойдзеш... А па дарозе дахаты яна заводзіла мяне ў касцёл, дзе я звыкла–панура сядаў на апошнюю лаву і паўтараў за ёю на паўзразумелай шляхецкай: — Ojcze nasz, kt?ry? jest w niebie, ?wi?? si? imi? Twoje, Przyjdz kr?lewstwo Twoje, B?d? wola Twoja, Jako w niebie, tak i na ziemi... — Баб Марысю, а цяпер да мамы і таты няможна? — Не, няможна-а-а, у Мінск бяруць адно тых дзяцей, што ўмеюць размаўляць па-руску.
Зімой, увечары, запаліўшы ў печы, баба Алена садзіла мяне з вечна завязанай шыяй за лемантар. Удзень жа, калі яна кіравала безадыходнай малочнай вытворчасцю, а баба Марыся завіхалася на кухні, я гартаў напалову спарахнелы, з жоўтымі падцёкамі, атлас, і шукаў па літарах, шукаў па складох, шукаў... І першае ў жыцці слова, якое я прачытаў уголас — не, пераможна пракрычаў — было “Мінск!” Я кулём зляцеў з печы, чапляючыся шалікам за засаўку, і лётаў па хаце, тыцкаючы пальцам перад чатырма здзіўлена-сумнымі бабінымі вачыма ў адарваную старонку. Назаўтра мне падаравалі новы атлас свету, які неўзабаве замяніў лемантар, а бабе Алене заставалася толькі папраўляць мяне ў націсках. З гэтай зялёнай кніжкай у дэрматыне я ўставаў і клаўся спаць, зіхаценне дзівосных ліній, рознакаляровых плямаў і рознай велічыні пунктаў было маім Кандынскім. І нават тады, як строгая баба Алена забірала ад мяне атлас і гвалтам усаджвала есці дранікі або зацірку, вочы мае знаходзілі плюшавы дыванок на сцяне і чыталі на ім плямкі і лініі, уяўляючы казачныя краіны, белакаменныя гарады, пятлістыя рэкі і заакіянскія моры. А калі баба Алена, уздыхаючы, апавядала аб лушпінах, што елі ў эвакуацыі, аб згінулым без весткі мужу, аб дзеду, якога я ніколі не бачыў, і трох сваіх цудоўных дочках, я, паклаўшы галаву ёй на калені, шукаў у парваных шпалерах крывыя лініі разрыву і бачыў у іх абрысы, твары родных. І якімі ж сумнымі мне ўжо тады падаваліся дваровыя дзеці з іхнымі квачамі, класікамі, штандарамі, выбіваламі і хованкамі. Ну, хіба што гульня ў больніцу выклікала нейкую цікавасць...
Неяк улетку на мае шэсць гадоў прыехалі бацькі, і тата, шырока ўсміхаючыся і пазіраючы на бабуляў, пачаў развязваць стужачку на зыркай пляскатай каробцы. Ізноў канструктар, абыякава падумаў я. Але ў каробцы былі карычневыя кубікі і шарыкі, кожны ў асобнай чорнай нібы пакамечанай паперцы. Не можа ж увесь пластылін быць карычневы, пачаў разважаць я абыякава. — Што гэта? — Цукеркі, — мама ласкава паклала рукі мне на бялявую галаву. — Не мані, — сказаў я пераканана. У нас у мястэчку была цукерня і вырабляла яна толькі “Кароўку” — мой улюбёны ласунак. Гэта і называлі цукеркамі. Але калі я пакаштаваў гэты шакалад з рознымі начынкамі, то зразумеў, што шэсць гадоў жыцця пражыў дарэмна. З якой жа шчырай удзячнасцю я тады зірнуў на тату. Я ўжо амаль палюбіў яго.
Шчаслівае імгненне спаткання з Мінскам сталася налета, перад школай. Мы з мамай бясконца доўга ляцелі “кукурузнікам”, а я адрываўся ад круглага вакенца, адно каб прыпасці да зялёнага мяшэчка са шчыльнае паперы ў яе руках, але амаль не заўважаў гэтага. Я бачыў у акне вялізарны жывы атлас, адно што вялікага маштабу: коўдры лясоў з латкамі палёў, цацачныя вёскі і хутары, маленькія машынкі і цягнік з дзіцячае чыгункі, як у суседскага задавакі. Я тузаў маму: — А той цягнік таксама едзе ў Мінск? А шаша з машынкамі таксама вядзе ў Мінск? Усе дарогі вялі ў Мінск. З аэрапорту мы ехалі — не, вы не дасцё веры, — сапраўдным сінім тралейбусам, з двума рожкамі! А калі я ўбачыў вялікі шэры дом з чырвоным сцягам, і налічыў дзесяць (дзе-сяць!) паверхаў, то, ледзь не зваліўшыся з сядзення, асцярожна запытаў у мамы: — А... у школе колькі паверхаў?.. А ў вашым доме?..
Бацькі здымалі катушок на паддашку ў прыватным доме на завадской ускраіне. Уначы я баяўся спускацца да нужніка на двары па стромкіх цёмных сходах. І ў цемнаватым калідоры з пыльна-цьмянай лямпачкай мне стаўлялі старое эмаляванае вядро. Аднаго разу я зачапіў яго нагою, і яно з грукатам машыны, што разлівае марожанае, і кіслым плескатам сыроваткі, подскакам паляцела па драўляных прыступках. Першым выбег бацька з крывой заспанай мінай і даў мне балючую поўху. Гэта была першая ў жыцці аплявуха, а ў мяне не было яшчэ нават рэфлексу засланіцца рукамі, ці адвярнуцца або ўцячы. Я прысеў на брудную падлогу, спалоханы і збянтэжаны, і сухімі вачыма глядзеў на маміныя слёзы. Потым яна мяне абдымала і гладзіла па ўскудлачаных валасох, пасля мыла ўсходы. Ма–ма мы–ла ра–му.
Штонядзелі мы хадзілі ў госці да татавай сястры. Перад домам цёткі Лізы тата чамусь заўсёды браў мяне за руку і ўсміхаўся, пазіраючы на балкон. Цётка Ліза і яе дзеці часта за сталом устаўлялі незразумелыя словы, сэнс каторых я зразумеў пазней: аід, гой, шлемазл, вейзмір, поц. Каб не фаршыраваная рыба і бісквітны торт з арэхамі і шакаладам, навошта было б туды хадзіць. Бо дзеці былі старэйшыя за мяне і гулялі ў нецікавае лато. А вось атласу і энцыклапедыі ў іхней хаце не было.
У сем гадоў мяне ўжо ставілі на тубарэтку пры гасцёх. — А скажы, вундар, колькі штатаў у Амэрыцы? — пытаўся бухгалтар у акулярах, занюхваючы латаным нарукаўнікам чарговы кілішак. І хітравата бліскалі зялёныя вачаняты, ледзьве стрымліваючы ганарліва-грэблівую радасць ад лёгкасці пытання: — З Аляскаю і Гаваямі — пяцьдзесят, — і, не даючы ачомацца падпітым цёткам і дзядзькам, я пачынаў загінаць пальчыкі, — Фларыда, Луізіяна, Місіпісі... А калі стараватая пані ў капялюшы з кветкаю, што завяла яшчэ за жыцьця Пілсудскага, з цяжкасцю згадвала туманную буржуазную маладосць і манерна пытала мяне, дзе ёсць Штэттын, я строга папраўляў гуллівую пані, падкрэсліваючы свой польскі акцэнт: — Шчэцынам он тэраз ше называ, дый Померанія юж не та, а так, адно Памор’е... Захаплёныя ўсхліпы гасцей былі маёй законнай узнагародай і першай спробай самасцвярджэння ў незразумелым свеце дарослых.
Не, пацягнуліся такі рукі па альбом. Пазнаю: пылная шурпатая вокладка, размаляваная каравымі кветачкамі малой сястры ў далікатным веку. І нялёгкі, як маленства. Спарахнелыя праз даўнасць папяровыя ражкі не могуць утрымаць сямейнага багацця. Поўзаю па падлозе, збіраючы і складаючы ў стосы фатакарткі. Вось, вось яна: вундэркінд на табурэце! Які ж задаволены з сябе!
У першым класе мяне лічылі за “деревню”: гаварыў я з выразным беларускім акцэнтам і быў апрануты ў пацёртыя на каленях шараварыкі, белую сарочку з абшарпанымі манжэтамі і караткаватую камізэльку хатняе вязкі. Дома, з лесвіцы, я падслухаў татаў крык у пакоі: — Які яшчэ касцюм?! А ты ведаеш, што першы ў жыцці касцюм я апрануў толькі ў семнаццаць! Мама ўгаворвала, паўтараючы парады настаўніцы. Праз колькі дзён мне купілі школьную форму. Вось гэтую, шэрую, з акцябряцкай зорачкай. Колькі ж на твары шчасця.
Ён гадаваўся ў беднай жыдоўскай сям’і. Ягоны бацька, ці то бундавец, ці то трацкіст, не вярнуўся з лагераў. Маці, напалову полька, часамі беспрацоўная настаўніца матэматыкі, выцягнула на гарбу траіх дзяцей, большы сын загінуў на вайне. Ашчаднасць была сямейнай рысай, комплекс барацьбы за жыццё сядзеў і ў бацьку, і ў цётцы Лізе. Калі мяне пасылалі ў краму, ён заўжды пералічваў рэшту. Грошай у мамы я звычайна прасіў не пры ім. Я наогул хутка стаў яго раздражняць, адчуў сябе цяжарам, лішнімі выдаткамі. Я перастаў прасіцца ў кіно, адмаўляўся ад прысмакаў. Нават калі купілі тэлевізар, я не ўключаў яго сам. Памятаючы татавы словы, што ён бярэ зашмат электрычнасці. Я даведаўся ад яго новае слова: “лепта”. І калі мама пачынала мыць посуд, я кідаў урокі і бег з ручніком памагаць ёй выціраць талеркі.
Мама часта сварылася з ім за мяне. Калі яна была ў сваім тэхнікуме, то ён, калі і гаварыў са мной, дык урыўкамі і раздражнёна. Тады я занурваўся ў кніжкі і атласы альбо бег на двор. Там суседскія дзеці навучылі мяне розных слоў, напрыклад, “жыд”. Не даў Генік ровара — жыд! І я, як малпачка, паўтараў: Генік — жыд! Аднаго разу, калі мама цішком звадзіла мяне ў цырк, бацька зрабіў скандал; столькі гучных і брыдкіх упіканняў я пачуў упершыню. Мама плакала. Тады ж я ўчыніў першую маленькую помсту. Перад ягоным прыходам я пакінуў на стале атлас, разгорнуты на старонцы Блізкага Усходу. А ў горадзе Джыда тоўстым чырвоным алоўкам абвёў тры сярэднія літары. Калі бацькі вярнуліся, я гуляў на двары. Была вясна, цяклі ручаі, і я ўяўляў сябе Пятром Вялікім, з пяску і жвіру гаціў гаці, пасля пушчаў караблікі з абдрапанае аб асфальт сасновае кары. І, курчачыся ад сіверу і трывогі, пазіраў на нашае вакно. Калі змерклася, скандал яшчэ не скончыўся. Падыходзячы да дзвярэй, я пачуў гучны фінал: не–на–ві–джу! І гэтую інтанацыю я запамятаў на ўсё жыццё.
А вось тутака мне восем. Аднаго выпадку ніколі не забудуся. Ва ўніверсаме я ўкраў шакаладку. Схаваў у рукаў курткі, а на кантролі цётка, відаць, заўважыла абгортку ў напружаных вачох. Калі, збегшыся, прадаўчыхі даставалі “Алёнку”, мяне калаціла, як яблыню ў калгасным садзе, калі мы латашылі недаспелыя яблыкі. Але за яблыкі не было сорамна. А тут мяне завялі да дырэктара крамы, і пачаўся суровы допыт. Я машынальна называў нумар школы, адрас і пасля кожнага слова мармытаў “даруйце”. Не плакалася, па перасохлых рэчышчах мітусіўся цукровы пясок. Я ўяўляў, як мяне перад усім класам вывядуць да дошкі, як міліцыянт завядзе дахаты... і як зірне на мяне тата. І як дасць аплявуху. Я асунуўся на падлогу і засланіўся рукамі. І ўваччу паплылі караблікі з сасновае кары... А потым у нос шыбанула нашатыром, і смяшлівая цётка ў белым халаце, ці то прадаўчыха, ці то доктарка, пацягнула мяне за локаць і давяла да лаўкі на тралейбусным прыпынку. І толькі падміргнула і пашыбавала прэч. І ніякі міліцыянер не падыйшоў, а пад’ехаў тралейбус. Выйшаўшы на сваім прыпынку, я намацаў у кішэні шакаладку, і, не разважаючы, выкінуў у сметніцу.
Неяк раз мама запытала, каго я хачу, браціка ці сястрычку. Не паспеў я прыдумаць, як у хаце з’явілася спярша пацешнае, але гучна замінаўшае спаць і рабіць урокі стварэнне — Кацька. Дарэчы, я даведаўся, што ў Каці прозвішча такое як у таты, а не як у нас з мамай. А праз колькі месяцаў мы нарэшце перабраліся ў “сваю” двохпакаёвую кватэру ў пяціпавярхоўцы. Калі першага верасня я ішоў у новую школу, мама папярэдзіла, што з гэтага часу ў мяне будзе новае прозвішча, як у таты. Цяпер я разумею, што гэта была яе астатняя роспачная спроба змусіць яго паверыць і прыняць сына. І найбольшая памылка, якая і мне, і ёй каштавала шмат доўгіх бяссоных начэй.
Прозвішча было на “–ман”. Калі маладзенькая настаўніца яго перакручвала, дзеці смяяліся. Я сарамліва чырванеў і збянтэжана ўсміхаўся. Аднак калі чысценькая кірпатая дзяўчынка, у якую я быў закаханы, пры чарговым рогаце класу, нахілілася да дзвёх сябровак і, азіраючыся на мяне, захіхікала, нешта ўва мне перавярнулася. А праз колькі дзён у валтузні на перапынку я атрымаў у твар смачны слоўны плявок: жыд! А потым і цішком больш “граматнае”: паўжыдак! На трэці дзень маёй зацятай маўчанкі ў хаце маці пайшла ў школу і доўга гаварыла з настаўніцай. “Мар’іванна” пачала зваць мяне па імені, ад чаго мне зрабілася гідка, але трохі лягчэй. Яшчэ ў класе была дзіўная замкнёная дзяўчынка Цэйтліна, тоўстая, з маленькімі белымі ручкамі і лупатымі карымі вачыма, якая добра вучылася, але ніхто з ёю не сябраваў. Я папытаў, ці можна да яе перасесці, але яна ветліва адмовіла. І я не зразумеў чаму.
Кацьку, перабраўшыся да нас, гадавала баба Марыся. Але напрадвесні занядужыла і легла ў больніцу, адкуль ужо не вярнулася. Гэта былі мае першыя вялікія слёзы. А калі бацькі былі на працы, даглядаць дзіце мусіў я. Спачатку суседскія хлопцы клікалі мяне на двор, а потым пачалі дражніцца, называючы “нянькай”. Уся ўвага ў хаце, нават маміна, даставалася Кацьцы. І, ведама, лепшы кавалачак ад таты. І новы партфель мне не маглі купіць, бо сястрычка хутка вырастала з паўзункоў і пінетак. І калі аднаго разу бацька на мяне накрычаў і даў поўху за мокрыя паўзункі, я сышоў. Доўга тросся ў аўтобусе, хаваючы затуманеныя вочы, пакуль не давёз салёнай паводкі да свежае магілкі бабы Марысі. Ні пра што не змоўчаў: і пра аплявухі і выспяткі, і пра сваё новае трыклятае прозвішча, і пра мокрыя паўзункі..., і размазваючы соплі ўвэзганымі ў зямлю рукамі, сказаў, што хачу да яе.
Калі золка пацягнула вечарам, а слёзы застыглі кухеннымі крышталікамі на шчоках, я атрэсся і хлебануў вады з намагільнае вазы з завялымі нарцызамі і пайшоў блукаць вялікім змрочным горадам. Палічыўшы дробныя грошы, заашчаджаныя на школьных сняданках, я наважыўся. Паехаў дадому, але ў кватэру не пайшоў, а паклаўся спаць на старой ватоўцы ў пограбе, у нашым катушку, дзе ўзімку хавалі бульбу. А зрання з’ехаў у роднае мястэчка, дзе па абедзе ўжо кінуўся на шыю роднай дырэктарцы малаказаводу. І ўсё чысценька расказаў, і марожанага наеўся, і сабакі мяне пазналі. І было найшчаслівейшае лета. А перад самым вераснем баба Алена купіла мне новы партфель, і новы гарнітур, і яшчэ шмат чаго, і сказала, што ўсё цяпер будзе іначай. Па мяне прыехала мама. І плакала, і зусім па-даросламу пыталася: хочаш, развядуся? І я па-даросламу разумеў, што перада мной не толькі мая мама, але і ўсё яшчэ закаханая жанчына, якой цяжка застацца аднэй з двама дзецьмі на адну маленькую зарплату. І не хапіла духу сказаць “так”.
Дома панавала напружаная маўчанка, да якой паступова ўсе прызвычаіліся, і яна ўжо не здавалася цяжкаю. Калі я заставаўся сам-на-сам з тат..., між іншага, называць яго так я перастаў ужо і ўголас, а сам сабе называў “–манам”, дык вось жа, дыялогі з ім, не часцей як раз на месяц, былі накшталт “дзе нажніцы — у шуфлядзе”. Ні з якімі просьбамі або наказамі ён не адважваўся зварочвацца да мяне. Ігнараванне было ўзаемнае і ўсеагульнае. І гэта рабіла мяне дарослым, адказным і незалежным. Нібы стараючыся гэта давесці, я пачаў вучыцца “на выдатна” і займацца спортам.
Гадоў з дзесяці я пачаў весці дзённік. Звычайна запісваў уражанні ад кніжок або выстаўляў адзнакі фільмам. У кіно я бегаў з прыяцелямі, прагульваючы школу, але часта і адзін. Купляў білет на танны дзіцячы сеанс у дзвёхзальным кінатэатры, перачэкваў у прыбіральні да пачатку дарослага, часам дзвёхсерыйнага, фільму, і пасля ў цемры масціўся на вольнае месца. Гэтак за школьныя гады, высунуўшыся з акна ў Эўропу, я і перагледзеў увесь рэпертуар. Запоем. Дык вось я заўважыў, што нехта рэгулярна совае свой паскудны лісіны нос у мой дзённік, і скеміў, што гэта не гогалеўскі Нос. Яшчэ я агледзеў, што дробязь з правай кішэні паліто час ад часу дзіўным чынам апыналася ў левай. Ну, што ж, я па-дзіцячы скарыстаў магчымасці “зносіцца”. У дзённіку я пісаў усё, што пра яго думаю. А ў кішэні я клаў капейкі, уверчаныя ў аркушыкі са сшыткаў з малюнкамі, самым прыстойным з якіх была хвіга. І шалёная радасць калола ў прамежнасці, калі я бачыў надзьмута-змрочны, а часам і задуменны твар.
Ён, мабыць, быў неблагі інжынер, бо выбіўся ў начальнікі аддзела ў сваім кантруктарскім бюро, дарма што пятая графа дазваляла адно пасаду намесніка. Да таго ж багата аўтарскіх пасведчанняў за неўкаранёныя вынаходкі. Чытаннем кніжок ён сябе не абцяжарваў, у вольны час любіў вудзіць рыбу ці нешта рабіць па гаспадарцы. Майстраваў паліцы на кухню, шкліў балкон, напраўляў прас. Як жа ўсё гэта было нецікава і агідна мне, як і ўсе “мужчынскія” заняткі! Памагаць маці спячы торт было шмат цікавей. Пры гасцёх за сталом ён каторы раз апавядаў пра вар’яцкую паездку, ледзь не на прыступцы вагона, у Маскву на паховіны Сталіна. Пры гэтым бровы ягоныя супіліся, лоб ад настальгічных успамінаў моршчыўся, вочы ганарліва-рамантычна блішчэлі. Інтанацыя рабілася надрыўна-элегічнай, паўзы набывалі значнасці. Відаць, гэта быў ягоны самы нерацыянальны ўчынак у жыцці.
Пра сваё жыдоўства ён ніколі не ўспамінаў, нават пры крэўных. Час ад часу пытаўся ў цёткі Лізы, дзе ў Мінску сінагога, і адразу ж забываўся. Па-жыдоўску ўмеў не болей за мяне. Але калі на просьбу гасцей я сыпаў байкамі з жыдоўскае гісторыі, показкамі або анекдотамі, у ягоным позірку бачыліся адчужана-асцярожнае здзіўленне і зайздрасць, можа быць, напалам з гонарам, які раптам прачынаўся. Вось так паміж няўтульным домам і варожаю школай бегла жыццё падлетка з хуткасцю 365 дзён у год.
Святы здараліся, калі на Новы год або Першамай прыязджала баба Алена і збіралася астатняя маміна радня з іншых гарадоў і мястэчак. У хаце тады панавала “трасянка”. І шчыры народны гумар: прыгаворкі, непрыстойныя показкі, песні-скокі. Матуля выпроствалася і напамяць выдавала за сталом чарговую байку Крапівы, нездарма юначкай бегала вечарамі ў тэатральную студыю. Цётка Інка — аматарка брыдкай лаянкі, чырвоная і тоўстая, як бутэлька сунічнае наліўкі перад ёю, раз-пораз з рогатам прабавала затыкаць мне вушы: — Ты, шыбздзік, не слухай п’яных баб! — Абасралася мне твая цэнзура, — набраўшыся шампанскага, адказваў сарамлівы пляменнік, перакрыкваючы застольны гоман. А потым мы з малодшай за мяне на колькі гадоў стрыечнай сястрычкай Алеськай замыкаліся ў спальні і ператрасалі няхітры мамін гардэроб. Больш за ўсё Алесьцы падабалася выстройваць мяне. У станік напіхвалі ручнікі, зверху — сукенку з люрэксам. Потым доўга дабіралі каралі і кліпсы, саламяны капялюш са сцягнутым са стала вінаградам, і, нарэшце, лакавыя шпількі з падкладзенай газетай... Але найбольшы кайф я знаходзіў каля трумо: дабіраць памаду і туш для веек я Алесьцы не давяраў. Нарэшце, яна бегла ў залю, дзе цішком ставіла кружэлку з “Лявоніхай”... І вось, трохі хвалюючыся і праз лад гулліва, спатыкаючыся на шпільках і прытрымліваючы гронку на капялюшы, я пад музыку выплываў да гасцей. Рык ды ікаўкі заглушалі “Песняроў”, і я амаль не паспяваў выканаць падрыхтаваныя выкрунтасы. Цётка Інка адчайна вывучала носам інгрыдыенты аліўе, ейны шчуплы мужык кашляў, падавіўшыся масляком. Мама, калоцячыся, закрывала твар рукамі. Ужо большая Кацька, скачучы, цягнулася, каб ухапіць вінаград аднэй рукой, а другой дакучліва чаплялася за грудзі. Астатнія сваякі заходзіліся рогатам і білі па спіне Інкінага мужыка... “–ман” гасцінна кланяўся з застыглай ветлівай усмешкай. Вось так і прагледзелі сваячкі пачатак...
Вось яны, мілыя фоткі ў сепіі. Асцярожна гартаю стары альбом, вокладкай падобны на атлас свету, лашчачы Франца па спінцы. Амаль нікога ўжо не засталося з таго жыцця. Баба Алена адыйшла рана, у пяцьдзесят. Памятаю, як перад уваходам у анкалагічнае аддзяленне мы згаварыліся, як будзем ёй маніць. “Бабулі не трэба казаць, што ў яе рак, у яе ж звычайны пляўрыт”. Тады я шчэ кепска ўсведамляў страты. Пасля пахавання і хаўтураў я сеў рабіць урокі. А цяпер вось ізноў нешта запарушыла вока...
Мы з мамаю на фоне Крамля. Матуля такая прыгожая, ладная, у паласатай прыталенай сукенцы, а побач дзіва–я ў кароткіх штоніках, гадоў дзесяць, не болей. Перад больніцай баба Алена паспела ўзнагародзіць нас з мамай за адныя пяцёркі паездкай у Маскву. Яшчэ ў купэ мама распусціла свае пышныя бялявыя валасы і надушылася “Краснай Масквой”. Дасталася і мне. У сталіцы мы спыніліся ў цёткі Броні, сястры “-манаўскага” нябожчыка-бацькі, у камуналцы на Таганцы. Далёкая сваячка ў свае больш як шэсцьдзесят гадоў з хуткасцю сярэднястрэльнае ракеты лётала чаўнаком паміж камунальнай кухняй і сталом ва ўбогім пакойчыку, запыняючыся адно ў вузкім праходзе паміж вампірнай шафай і абшарпаным піяніна. Пры гэтым яна бесперастанку наракала з прычыны прывезеных намі гасцінцаў: гэта ж трэба, такія грошы выкінулі на торт і асабліва кавун, не маглі счакаць два тыдні да пары на іх. За жыдзенькай старэчай гарбаткай яна замарыла маму апавяданнямі і роспытамі пра блізкіх, далёкіх і ўжо нябожчыках сваяках. А мама з апошніх сіл, праз клубы цёткіброшкінага “Беломору” практыкавалася ў пачцівасці, старанна хаваючы свой беларускі акцэнт. Я ж, зухавата плюючы кавуновымі семкамі, неўзабаве саслізнуў з крэсла і, не пытаючыся дазволу, адчыніў піяніна. Яшчэ ў цёткі Лізы дзеці навучылі мяне граць “сабачы вальс”, і мне вельмі захацелася сыграць яго тутэйшаму тоўстаму пакладанаму кату. Кот пачуў варожы пах гэтае паскуднае музыкі і схаваўся пад жалезны ложак. Сыграўшы акордаў трыццаць і не пачуўшы ўхвалы дарослых, я выцягнуў Бегемота, які сонна ўпіраўся, на божы свет і, лоўка трымаючы за шкірку, прачытаў яму лекцыю пра дыетычнае харчаванне. Мала хто ў свеце добра ўспрымае крытыку, таму я дастаў кіпцюрамі па пысе. Пасля гэтага мая апошняя цярплівасць скончылася, і, бразнуўшы крышкай “фоно”, я закрычаў з пафасам выцягнутай наперад рукі Кабзона: — Мам, мы гарбату з беламорынай прыехалі курыць ці Маскву глядзець?!
Перш-наперш, за парадаю цёткі Брошкі, мама павяла мяне ў Крэмль, а потым у маўзалей. Задушлівы жнівень, чарга ад Аляксандраўскага саду. Штопаўгадзіны я стагнаў як пераспелы кавун на спякотнай астраханскай бахчы: “С-і-і-і-каць”. Мама адводзіла мяне “под звезды”, пасля чаго мы або гублялі чаргу, або свядомыя грамадзяне казалі, што “нас здесь не стояло”. Ім жа ўсё роўна было да Леніна ці па кілбасу. Калі мы ўжо падпаўзлі да трыбунаў, я раптам голасна заявіў, што хачу какаць. На стомлены ўмольны позірк мамы я адказаў так, што скалануліся трыбуны: — Ды сраць я хацеў на гэтага дзядулю, ты мне басейн “Масква” абяцала! І весела, подскакам і ўгінаючыся ад плескачоў, я пашыбаваў да метро. А па дарозе супакойваў мамку: усім скажам, што Леніна мы бачылі ў труне, — я ж яго, роднага, спрасонку пазнаю — па акцябрацкай зорачцы, ну, ніхто не здагадаецца.
Каля касы басейна мама пазнаёмілася з прыгожым высокім дзядзькам Дато. Ён шмат і весела гаварыў са смешным акцэнтам, расказваў пра Тбілісі, частаваў нас шашлыком і марожаным. Але я пільна нагадваў пра сеанс у басейне. Пры ўваходзе мы распрануліся, мама пайшла ў жаночую раздзявальню, а мы з дзядзькам Дато — у мужчынскую. У вадзе з радасцю спаткаліся і завішчалі, як дзеці капітана Гранта. Слізкімі лапкамі я залазіў на грузінскія шарсцяныя плечы і з віскам абваранага ката плёхаўся ў блакітную хлорку. Калі я знясільваў, то, адпачываючы, віснуў у Дато на шыі. Вакол паважна плавала мама, паўбрасам, стараючыся не наглытацца, і загадкава ўсміхалася. Пасля басейну мы доўга шпацыравалі ўтраіх па горадзе, пры гэтым Дато часамі далікатна аднэй рукой абдымаў маму, на другой вісеў я, чухаючы нос аб ягоныя валасатыя пальцы. Але я быў ужо вялікі хлопчык і не сказаў уголас, як бы я хацеў мець за тату Дато. І развітваючыся ўвечары, доўга не мог расшчапіць рук на ягонай шыі, а мама стаяла, адвярнуўшыся, потым падышла, пацалавала нас абодвух у лоб і сказала: “Дзякуй за ўсё, але... сам разумееш...” І кожны зразумеў сваё. Потым я доўга ўспамінаў дзядзьку Дато, але я быў ужо вялікі хлопчык, і таму – ніколі ўголас. Але-але, гэта ён зрабіў фатаграфіі.
У Пушкінскі музей на Валхонцы мы хадзілі ўжо без яго, таму і фотак няма, адно паштовая картачка з Давідам Мікеланджэло. Шторазу, бываючы ў Пушкінскім, пачынаю з Італьянскага дворыку. Тады, упершыню, я, памятаю, аслупянеў. Спатканне з ідэалам. Дарма што гэта толькі злепак альбо копія. Давід анёла Мішы. Я абыходзіў яго кругом, сядаў на лаўку, залазіў на бакавыя ўсходы палаца Барджэло і жор вачыма майго голага халоднага прынца. У маёй памяці назаўсёды адбіваліся лінія рымскага носу, вольная зграбнасць рук, кожны выгін ягонага дасканалага цела. Покуль мама, ледзь паспяваючы за экскурсаводкай, гасцявала ў Рэнуара, Дэга і Сезана, стараючыся не паблытаць вокны Манэ і Монэ, я марыў дакрануцца ягонае ступні. Альбо прыцягнуць пад’ёмны кран, узняцца ў люльцы і зазірнуць у твар напышлівага ідала, дакрануцца гіпсавых кучараў і правесці пальцам па ягонай шыі. Трымаю ў рукох чорна-белую паштоўку: халодны і вечны эпаліман, прашча, якая так ніколі і не стрэліла.
А вось ад дзённіка захаваліся толькі рэшткі. Некалі, быўшы не ў гуморы, большую частку аркушаў я вырваў дазвання. Некаторыя вершы, дзякуй богу, пашкадаваў. Ацалелі таксама нешматлікія ўрыўкі з “публіцыстыкі”. Мая няміласць да ўсяго жыдоўскага тады была ў самай сіле і неспадзявана прывяла да беларускае мовы і культуры. Нечакана нават для мамы, якая хоць і гаварыла па-беларуску ў хаце, але на працы і ў горадзе звычайна пільнавалася “гарадскіх” правілаў. Па-беларуску маглі гаварыць адно сяляне і недабітая вузкая “прослойка” творчай і гуманітарнай інтэлігенцыі — “пісменнікі”. Пралетары ж, камплексуючы і цураючыся “колхозности”, стараліся гаварыць па-расейску, аддаваць дзяцей у рускія школы, а ў выніку — “трасянка” нават ў трэцім пакаленні, не двёх-, а паўмоўе. Паніжэнне і самапаніжэнне беларушчыны былі тады модныя. Мяне захапляла гэтая грубавата-сялянская пявучая мова, якая адчайна супраціўлялася афіцыйна-сацыялістычнаму зліццю нацый у абывацельскім моры нацыянальнага нігілізму. Я ненавідзеў крывыя ўсмешкі нібыта-культурных “технарей” і “торгашей” з іхнымі пагардлівымі моўнымі каментарамі. Мяне абуралі жыдоўскія прозвішчы пад газетнымі даносамі на “недобитых националистов”. І што, платай за шмат вякоў гасціннасці ў цяжкія для дзяцей Сіона часы была пагарда моваю і культурай, неахвота ведаць праўдзівую, не менш трагічную за жыдоўскую, гісторыю гэтага народа? І калі кожны жыд, ці з кан’юнктурнае бязглуздасці, ці з партыйнае перакананасці, як мог стараўся прычыніцца русіфікацыі і паспрыяць ёй, я чуўся антысемітам. Усе навокал паціскалі плячыма, бачачы мяне з кніжкаю Багдановіча альбо Купалы. А неўзабаве пачалі знаходзіць чарнавікі беларускіх вершаў. Да мамы, асабліва пры “–мане”, я часта звяртаўся па-беларуску. Гэтак па-дзіцячы я пагарджаў рускай мовай — гэтым бяздонным вірам на беларуска-жыдоўскім паграніччы. Яшчэ я недзе пачуў, што ў шаснаццаць год мне можна будзе змяніць прозвішча. І я стаў цярпліва чакаць.
Калі мне было шаснаццаць і на двары былі сцюдзёныя студзеньскія вакацыі, мяне паслалі ў Мазыр, на бацькаўшчыну “–манаў”, на вяселле, — ідэйка цёткі Лізы. Маладых я не ведаў, гэта былі далёкія жыдоўскія сваякі. Але на запрашэнне ніхто з Мінску паехаць не здолеў. Я быў нібы дэлегатам. Раніцай на вакзале мяне сустракала ледзь знаёмая па доме цёткі Лізы сухенькая бабулька Фіра Майсееўна. Прывезшы да сябе, яна смачненька накарміла мяне фаршмакам і выклікала па тэлефоне нейкага Яна. — Роспіс надвечар, а Ян таксама мае вакацыі, ён — хлопчык з інтэлігентнай сям’і, пакуль пакажа горад, ці ў хаце сядзець? — ейны местачковы акцэнт абуджаў ува мне этнографа і прыступы смеху, які я ледзь стрымліваў.
Я спадзяваўся ўбачыць маленькага тоўстага парха ў вакулярах. Увайшоў мой аднагодак, з шэрымі вачыма, даўгімі, бялявымі, трохі рудаватымі валасамі, на паўгалавы вышэйшы за мяне, з пародзістымі семіцкімі рысамі твару і, сарамліва ўсміхаючыся, прамармытаў: — А я цябе яшчэ ўчора чакаў. — ?!.. — Чаго ты дзівішся, пра цябе тутака ўсе сваякі гавораць як пра сталічнага вундэркінда і прыгажуна; ледзь не пабіліся за тое, каму ехаць сустракаць. А каб нікому не было крыўдна, паслалі Фіру Майсееўну, дай бог ёй здароўя. Я падумаў пра хлопца: мама ў яго ці тата..., а тады пачуўся сталічным госцем і, паблажліва ўсміхаючыся, сказаў: — Тады вядзі. Пакуль Ян мітусіўся, памагаючы мне апрануць паліто, Фіра Майсееўна бесперастанку балбатала, даючы каштоўныя парады, куды ён мусіць мяне звадзіць. Ян нецярпліва ківаў, пакуль мы, нарэшце, са смехам не вываліліся ў слотную местачковую адлігу.
Перад вайной Мазыр быў жыдоўскім местам. Ян апавядаў, што шмат хто з ягоных жыхароў іначай як па-жыдоўску і не ўмеў. Тыя, што вярнуліся з эвакуацыі, ужо не складалі большасці, але і цяперака другой мовай на вуліцах і ў крамах быў ідыш. Па парку паважна шпацыравалі пацешныя “пикейные жилеты” ў зялёных шыракаполых капелюшах, якія, параўняўшыся, усміхаліся зімовым бляскам акуляраў у рагавых аправах. “Ваш Ицко опять не поступил? Проклятые два процента... Сарочка, герц, вот это хохом!” Горад лез угару па крутых узгорках, што ўздымаліся над правым берагам галоўнай ракі Палесся — Прыпяці. Ян зацягнуў мяне на даўжэзны мост, адкуль відаць былі старыя парослыя вербамі рэчышчы, заціснутыя лёдам катэры і прыстань, падобная да рэстарацыі. — Эх, каб ты ўлетку да нас прыехаў, — пасля кожнае фразы пра каханы горад паўтараў Янак, — мы б з табой і на рыбу нашай маторкай сплавалі. Ляшчы — во! Я з недаверам ссунуў ягоныя шырока раскінутыя рукі, як гірку на вагах. — А беленькі пясочак на пляжы драбнейшы за цукар... Я сумна паглядзеў на бязмежную раку з цёмна-бурымі палонкамі і тужліва-заснежанымі берагамі. — Мой родны кут, як ты мне мілы! Забыць цябе не маю сілы... — з неспадзяваным натхненнем прадэклямаваў ён з Якуба Коласа, перагнуўшыся цераз білы моста, і, нібы перапрашаючы, дадаў, — дома гэтага не зразумеюць.
Угары пацягнуў халаднаваты ветрык, і я голасна шмаргануў носам, корпаючыся ў кішэнях. Ян выцягнуў свежую бела-блакітную насоўку, акуратна выпрасаваную і складзеную ў чатыры столкі. Я прыгледзеўся да вышыўкі і са здзіўленнем ўгледзеў у ёй літары з іўрыту. — Падарунак ад багаценькіх сваякоў з Тэль-Авіва? — Я сам выгафтаваў, — зусім бяз гумару і сарамлівасці адказаў Янак. — Дарую. Я з павагаю выцер нос канцом шаліка, а хустачку асцярожна паклаў у кішэню. Нешта растала. Шарон пад нашымі нагамі.
Потым ён засыпаў мяне пытаннямі пра Мінск, а я з прыемнасцю апавядаў. Ян марыў паступаць у інстытут, захапляўся гісторыяй Вялікай французскай рэвалюцыі. Я палохаў яго датамі “гістарычных” пленумаў і цытатамі з “класікаў”. Пакуль мы не апынуліся на гаманлівым базары. Мой таварыш падвёў мяне да старога дзядзькі Ізі, які наліў нам з бочкі па шклянцы чырвонага малдаўскага. Потым цётка Песя з Канева нарэзала нам салёнага кавуна. А лепш за паляндвіцу, якую асцярожна разгортваюць з марлі і рэжуць танюсенькімі скрылёчкамі, паўпразрыстай і вясёлкавай, як стронга, закускі ў свеце няма! “Хая, этот шлемазл из Минска не гой, отрежь ему еще”, — чулася ад незнаёмае гандляркі. Нібы ўсе тут мяне зналі, і ведалі, адкуль і да каго я прыехаў на вяселле.
Яшчэ па адной-дзве шклянкі, і мы апынуліся ў пустым парку з нерухомымі атракцыёнамі. — Толькі не кажы, якая шкода, што цяперака не лета, — крыкнуў я, сядаючы ў іржавую люльку чортавага кола. — Сядай, паедзем! У адказ зачырванелая ці ад віна, ці ад хвалявання шчака легла мне на каўнер. — “В зимнем парке тополя так грустны…” І, нязграбна абняўшыся зімнімі паліто, пад якімі грэлі адзін аднаму рукі, мы нерухома “на чертовом крутились колесе”.
На вяселлі мной апекавалася Фіра Майсееўна ў белым карункавым каўнерыку. З перабольшанай свядомасцю адказнасці за прадстаўнічую місію яна дзесяткі разоў шэптамі паўтарала гасцём, якія падыходзілі, чый я сын, унук, пляменнік і далей, слізгаючыся, узлазячы па сучкаватым генеалагічным дрэўцы, блытаючыся ў разгалінавай вершаліне, пакуль не тузала мяне за штрыфель: пазнаёмся з цёткай Стысяй–Раяй–Голдай–Рахількай, пазнаёмся з дзядзькам Ёсей–Саламонам–Яшай–Борай. Нарэшце пачаўся гармідар: прыехалі маладыя. Нявеста менш за ўсё была падобная да Двойры Крык — шчупленькае мілае дзеўчанё з простымі, чорнымі як смала валасамі пад каралявым капялюшам з вэлюмам і ў кароткім эўрапейскім гарнітуры з пунсовага атласу. Потым была чарга з віншаванняў з канвертамі. У патрэбны момант цётка Фіра выштурхнула мяне да маладых, і я ледзьве паспеў дастаць не надта тоўсты, але вельмі пакамечаны канверт са “шчырымі віншаваннямі з Мінску”. На сцэне рэстарацыі прывольна рассеўся квінтэт ў чорных камізэльках і кіпах. Кароткая пульхная мадам з перламі ў пяць колцаў на нясціплым дэкальтэ пачала “тамадзіць” у мікрафон. Тосты ішлі ўперамешку з найгрышамі. “Слово имеет Ицхак Шнеерсон из Солнечной Молдавии...” Хав–ва На–гі–ла, Хав–ва На–гі–ла... “Дети мои, счастья вам полною чашей...” Драндэр міндэр шулем ахулем, а хуля... Мы з Янам, як далёкага радыусу сваякі, апынуліся ў канцы стала, разам з некалькімі неасцярожна пакінутымі непаўналеткамі. Пасля трэцяга кілішку мы ўжо дружна заглушалі тосты жыдоўскімі і палітычнымі анекдотамі. Пакуль педагог Фіра Майсееўна не захапілася налівачкай і плётачкамі з сяброўкамі маладосці, яна час ад часу цыкала на нас. Але як пайшлі ў скокі — ох, ужо гэтыя запальныя скокі ашкеназім! — пад сталом у нагах пачалася нейкая дробная дрыготка, і я не меў змогі яе суняць. І калі Янак і “кумпанія” пацягнулі мяне ў кола, ногі самі рэфлектыўна затанчылі “Сем сорак”, рукі самі сабой скінулі пінжак і зухавата ўпёрліся ў грудзі, дарэмна шукаючы пальцамі берагоў камізэлькі. Няўжо выбухнулі гены? Дзве гадзіны, з перапынкамі на малдаўскае чырвонае. Глыток свежага паветра на ганку, укрытым вечаровым лядком, і першы нясмелы Янаў пацалунак у бяззорнай цішы пад гоман чужога вяселля, што даносіўся з вакон. “А эта свадьба пела и плясала, и крылья эту свадьбу вдаль несли…” І зноў скокі да знямогі, і чырвонае да млосці. І першае прызнанне дрыжэла ад холаду ў снежнай гурбе... А потым ноч сарамлівых збянтэжанасцей і нясмелых перамог на распаленай цеснай канапе ў кухні Фіры Майсееўны.
Паўдня да майго цягніка мы швэндаліся крывымі вулачкамі павятовага цэнтра і не маглі нагаварыцца. Мы зайшлі ў кнігарню з казённаю шыльдаю, з-пад якое па-нэпманаўску тырчэлі выцвілыя незафарбаваныя вушы Цукерманавай бакалеі. Я выбраў найтаўсцейшы атлас свету і падараваў Яну. А потым расказаў, як зарабіў грошы летам у гадавальніку, стрыжучы кусты паўмятровымі нажніцамі і бегаючы з культыватарам за брыклівай кабылай. Ягоны голасны, закатны да ікаўкі, шчыры смех быў лепшай нагародай. Але маё адкрыццё было ў нейкай гранічнай, не, безгранічнай, не, пазагранічнай шчырасці і даверлівасці гэтага нечаканага сяброўства. Як грэлі суплёты змерзлых рук і бліскі шэрых вачэй! Першы несвядомы coming out быў на слізкай прыступцы плацкарты — доўгі пацалунак на вачох у разявіўшай рот праваднічкі. Потым, ведама, былі лісты. З сантыметальна ўкладзенымі павятовымі валошкамі. Апошні прыйшоў з Хайфы, ужо без валошак.
Вось так проста быў зруйнаваны антысеміцкі Карфаген. На маім пісьмовым з’явіліся Бабель і Мандэльштам, Ільф з таварышам і Шалом-Алейхэм. Аднаго разу я нават зацягнуў маму ў Яму, так называюць гэтае месца тыя нешматлікія, хто яго ведае. Гэта страшны шэры помнік на месцы мінскага гета, абсечаны манумент з шасціканцовай зоркай і жыдоўскімі надпісамі. Стаіць ён не на ўзгорку, не на Кургане Славы, а на дне вялізарнае ямы з брукаваным дном. А навокал дамы на шмат паверхаў, дзеці гуляюць у фашыстаў. Кажуць, гэта не ўлады паставілі, людзі самі грошы збіралі. “Завядзі сюды тату, ну, калі ласка”. Я павёў. Ён доўга разглядаў “ерогліфы” на граніце, потым прабаваў якасць дзёрну на схілах, маўчаў. А ў тралейбусе пачаў апавядаць гісторыю пра паездку ў Маскву на пахаванне Сталіна. На паўдарозе я злез з тралейбуса і пайшоў у кінатэатр. Ён яшчэ прабаваў даць мне грошай на кіно...
Пасля школы я нахабна і неразважна папхнуўся са сваім прозвішчам на самы паважаны факультэт БДУ. Чацвёркі па гісторыі СССР было досыць для шлагбаума. Адклаўшы набок “Правду”, тата сказаў: — Калі састрыжэш свае бітлоўскія кудлы, вазьму да нас у бюро рысавальнікам. — А валасы тут пры чым? — замітусілася маці. — Ты галавою думаеш? У мяне кандыдацкі выходзіць у лістападзе, у партыю прымаць будуць.
Праз тыдзень я цішком уладзіўся на канвеер абутковае фабрыкі. Пад’ём у шэсць трыццаць, соннае снеданне, газавая камера ікаруса, змена ў восем. Хутка налаўчыўся. На працы я хітраваў: хвілін дваццаць суседка па канвееры скідвала мне сандалікі з тасьмы ў каробкі, я паспяваў прачытаць раздзельчык з “Краткого курса”, а тады ізноў да варштату рэзаць мікрапор. Праз гадзіну наганяў. Пасля працы ляцеў на курсы ангельскае або на падрыхтоўчае аддзяленне. А начамі ўваччу сандалікі, што плылі па канвееры... Налета я паступіў у маскоўскі інстытут і болей не вярнуўся. Ад таго часу раз-два на год бываю ў Мінску. Пытаюся пра здароўе, апавядаю аб працы. Кацька падаравала тату ўнука. Цяперака ён узорны дзядуля, нават аж занадта сю-сю. На пенсіі, але працуе, каб рабіць унуку гасцінцы. Толькі вось нешта занядужаў.
— Каця, ну як там тата? — вось ашчадная, гадаўка, сама па міжгародзе не тэлефануе. —А ведаеш, цьфу-цьфу, нішто сабе. Аперацыя вельмі дапамагла, астатняе лячэнне таксама. Дактары кажуць, што прагноз даволі спрыяльны. Тыдзень, як нічога яму не баліць, учора на працу выйшаў. Ды ён і нас з табою перажыве! — вось любімая бацькава дачушка, хоць бы якая радасць у голасе. — Як мой любы пляменнік? — Дзядуля павёў яго глядзець нейкую яму. І дзякуй богу, што хаця з хаты пачаў выходзіць, а то енчыць-енчыць, нейкі плаксівы зрабіўся. Часам пачынае вучыць, дзе і як яго хаваць: каб у крэматорыі, а урну пасля побач з мамай закапаць. Гаварыць няма больш пра што! Нават не ведаю, ці можна гэта, на гэтых могілках даўно ўжо не хаваюць. А ты як думаеш? — Ну, Каця, ты гэтыя старэчыя размовы перапыняй. А ў астатнім табе там лепей відаць. — А чаго ты пра Франца маўчыш?
Я зачыніў вакно, каб не чуць лаянкі дваровых сабак. Франц ляжыць у кардоннай каробцы з-пад пыласоса, паміж лапамі любімы мячык. Ветэрынар прапаноўваў забраць цела – ёсць у іх і такая паслуга. Я не здолеў аддаць… А як ён сустрэў ветэрынара… Не забрахаў, толькі прыўзняў галаву, лежачы на дыване, кінуў нябачачы позірк і скорана выцягнуўся на баку, быццам адвярнуўся, каб не бачыць шпрыца. Я выйшаў з пакоя, кроў пайшла раптам носам… Учора пазычыў у суседа рыдлёўку. Але сесці за руль не рызыкнуў. На ноч піў транквілізатары, на гадзін колькі забыўся сном. Клікаць нікога з сяброў не хочацца. Ні ў аднаго з іх не было сабак, яны не зразумеюць. Ды й хочацца пабыць адзін на адзін, у апошні раз. Я рашыў: павязу яго ў Горкі Ленінскія. Мы ездзілі туды некалькі разоў на пікнікі. Франц лётаў па паляне, залазіў па шыю ў рэчку, распугваючы жаб, я ганяў яго, каб не хлябаў падазроную ваду. Яму даставалася ад шашлычнага нашага багацця. Потым вады не мог нахлябтацца з далоні… Ён любіў класціся пад цяністым клёнам уводаль ад вогнішча і, высунуўшы язык, уважліва назіраў, ці не працягнецца чыясь шчодрая рука з чарговым кавалачкам мяса. Пад гэтым клёнам і буду рыць… Добра, што лета, глеба павінна быць мяккай.
Болей за ўсё дакорваю сябе ў тым, што не паспеў узяць шчанюка пры жыцці Франца. Якой радасцю, пэўна, было б для яго вучыць, гадаваць, гуляць, а не сядзець у чатырох сценах ў стомленым чаканні, пакуль “тата” прыйдзе з работы. А цяпер аб новым сабаку і думаць не магу. Адкрываю халадзільнік, а там каструля з ягонай ежай: грэчка, запараная з фаршам індзейкі, без солі, як звычайна. Што з ёй рабіць? Што з ёй рабіць? Што?!... Тармажу. І ем, не адчуваючы смаку, без лыжкі. Мне патрэбныя сілы, каб даехаць, мне патрэбныя сілы…
Postscriptum:Гэта першая публікацыя беларускага варыянту аповесці. Мая шчырая ўдзячнасць за рэдактуру Міхаілу Баброву.
|