Литературный Клуб Привет, Гость!   ЛикБез, или просто полезные советы - навигация, персоналии, грамотность   Метасообщество Библиотека // Объявления  
Логин:   Пароль:   
— Входить автоматически; — Отключить проверку по IP; — Спрятаться
Глупцы желают долгой жизни, не испытывая радости от долгой жизни.
Демокрит
Dobry dziadźka Han   / Па-беларуску
Дарога – 3 (Лiшасонця) часткі: 1,2,3
Усё на крывi, усё на касьцях,
Усё шматзначна й адназначна.
N.R.M. «Я еду».
раман аб вырадках у 13 частках

(Усе супадзеньнi не выпадкова зьяўляюцца супадзеньнямi)

ЗЬМЕСТ :

Частка 1. (Першая)
Частка 2. Хаўрусьнiкi
Частка 3. Незвычайная просьба
Частка 4. У дарозе да сталiцы
Частка 5. У сталiцы
Частка 6. У дарозе са сталiцы
Частка 7. Iнсургенты
Частка 8. У лесе, на возеры, на краi краю
Частка 9. Маска гневу
Частка 10. Левiтацыя
Частка 11. Сьвята Ўраджаю
Частка 12. Апошняя помста. Эпiлег.
Частка 13. Апошняя

Частка 1. (Першая)

Хлапчук-абадранец, што прыбег здалек, з бруднай торбай за плячыма, якую ен нiколi ня пакiдаў, паведамiў, што завалы са шпалаў на блiжэйшым перагоне ўжо разабралi. Клiм, які ўтойваў апошнiм часам, што ен Клiм – забойца генiя эпохi, дужа ўзрадваўся гэтай зьвестцы, i, загадкава ўсьмiхаючыся, крочыў далей уздоўж поезду, правяраючы калесныя буксы вагонаў.
- Бог на дапамогу, – пачулася ззаду, калi Клiм быў ужо ля апошняга вагону.
Па адхону, кульгаючы, уздзiраўся на насып заросшы стары ў пашарпаным вайсковым строi, без пагонаў. Ен устаў, абапяршыся на кiй.
Клiм некаторы час цяжка й з недаверам глядзеў на яго i, нарэшце, пахмурна адказаў:
- За грыбамi, дзядуля.
- За грыбамi, - стары паварушыў густымя бровамi, - што ж... I шмат чакаеш здабыць?
- Шмат.
Клiм адказаў з гэткiм выразам, каб дзед зразумеў i ўбраўся прэч. У яго ня было анiякай ахвоты размаўляць з падазроным старцам.
- Ну, як ведаеш, - казаў дзед, зьбiраючыся ўходзiць, - толькi памятай, ласкавы чалавек, мундзiр гэты, што на мне, мной жа асабiста з забiтага зьняты.
Стары блiснуў вачыма i закульгаў унiз па адхону.
Клiм вярнуўся да цягнiка, дзе яго чакалi чацьвера хаўрусьнiкаў.
- Ну, паедзем, мабыць.
- Ворагаў нiдзе нiхто з вас не прыкмецiў?
- Не, – адказалi хаўрусьнiкi.
- Хадзiў тут дзед нейкi дзiўнаваты, вось я i сьцерагуся.
Двое адправiлiся ў хвост саставу, прыхапіўшы з сабой кулямет i вялiкую колькасць стужак да яго. Хлапчук з торбай адразу ж пайшоў кудысьцi ў сярэдзiну саставу, у пустыя вагоны. Ня любiў ен людскога асяроддзя, i заўседы лiчыў за лепшае ў адзiноце дастаць са сваей торбы кавалак «iржавага» сала ды пагрызьцi яго, пагрызьцi. Так ен i зрабiў зараз.
Ну а Клiм з чацьвертым хаўрусьнiкам засталiся ў цягнiку, запусьцiлi рухавiк, i поезд рушыў у пуць.

Частка 2. Хаўрусьнiкi.

Пасьля непазьбежнага краху рэжыму «генiя эпохi» - дзядзi Ванi, кропку якому паставiла ягоная гiбель, пачалася эпоха хаосу. Розныя рэгiены пачалi адкалывацца, выходзiць з-пад уплыву адзiнай цэнтралiзаванай улады, некаторыя пачалi варагаваць памiж сабой. Спынiлiся пастаўкi хлебу з мацярыка на Дарогу. Нават сама яна раскалолася на некалькi адасобленых участкаў. Адбыўся перадзел сьвету. Найбольшы тэрытарыяльны кавалак былой Дарогi захаваўся ў выглядзе Федэрацыi, у якой, усё адно, было не спакойна.
Клiм з кампанiяй цемных асобаў вырашылi накiравацца ў глыбiню мацярыка, у адносна мiрны ды зацiшны раўнiнны лясны й азерны край, якi хаця й адкалоўся адным з першых, захоўваў з Федэрацыяй даволi цесныя сувязi. У кожнага зь хаўрусьнікаў на тое былi асабiстыя прычыны.
Клiм, уласна кажучы, й ня быў шырока вядомы, як забойца «генiя эпохi». Апасьля таго здарэньня на плошчы ён зьнiк i веў даволi непрыкметны лад жыцьця. Тым часам афiцыйны погляд на гiстарычнае разьвiцьце быў перагледжаны i роля ў iм дзядзi Ванi была прызнана даволi негатыўнай. Да таго ж стала вядома, што на плянэце, акрамя Дарогi, iснуе яшчэ адна, зусiм iньшая, людская цывiлiзацыя, дзе жывуць ня горш, а нават лепей. Раней былi толькi зьвесткi аб нейкiх здзiчэлых пляменах насельнiкаў глыбiнi балот. Гэта аказалася хлусней. Ды й сама Дарога, на самой справе, аказалася значна карацей, i зусiм анiводнага разу ня акружала зямны шар. Дзецi ў школах ды вядомыя публiцысты пiсалi складаньнi на тэму «Як я забiў (у сабе) дзядзю Ваню». Вобраз снайпера зрабiўся ўсеагульным. Былi створаны тэорыi ў пацьверджаньне неабходнасьцi з’яуленьня снайпера ў пэўныя моманты жыцьця грамадства. Але ж значная частка людзей няўцешна гаравала по часах «генiя эпохi» ды па ягонае асобе. Яны лiчылi, што толькi тады яны зьведалi сапраўднае жыцьце. Такiх было шмат на кожнай з адасобiўшыхся тэрыторый.
Клiм ня вельмi давяраўся балбатнi i тых, i другiх, таму што з дзяцiнства меў звычку прыслухоўвацца толькi да сабе. Усе ж нешта цягнула яго менавiта ў гэты край. Апошiя некалькi год улада там была ў руках так званага «ПП» – Першага Правадыра. Гэта была даволi адметная асоба. Ен мог часамi казаць прамовы аб чым угодна ня горш за дзядзю Ваню. Пры гэтым усе па ягоных словах былi неправыя i вiнаватыя i заўседы замiналi яму рабiць дабро дзеля народу, абраўшага яго сваiм першым правадыром. Асаблiва вiнаватыя былi начальнiкi (чым болей начальнiк – тым вiнавацей) ды жменька нахабнiкаў, якiя бяссаромна ўсюды крычалi, што ен брэша. Начальнiкаў ен перыядычна караў, каб баялiся й паважалi, бо яны гэта ў глыбіні душы вельмi любiлi i заўседы памiж сабой апантана гадалi, каго зь iх i як крэпка ен пакарае наступным разам. Пакараньне азначалася перамяшчэньнем да меньш сытай кармушкi, альбо зусiм яе страту. А вось з нахабнiкамi было значна цяжей, таму што яны яго не баялiся i зусiм не паважалi, а калi ен спрабаваў iм пазатыкаць рты, яны ўзьнімалi вялiкi гвалт на ўвесь сьвет. Падумаеш – ен брэша. А хто ня брэша? Усе брэшуць: бацькi дзецям, дзецi бацькам, муж жонцы, жонка мужу, начальнiк падначаленаму, падначалены начальнiку, усе… Ен брэша народу, бо народ гэта любiць. Асаблiва яго брахня падабалася тым, хто ня мог забыцца на дзядзю Ваню.
Спачатку Першы Правадыр усiм казаў, што дзядзя Ваня – ягоны бацька, а лес склаўся так, што яны адно аднаго страцiлi, калi ён быў немаўля. Гэтаму магчыма было паверыць, таму як анi бацькi Правадыра, анi дзяцей дзядi Ванi нiхто нiколi ня бачыў. Але адшукалiся бясспрэчныя медычныя сьведчаньнi, што генiй эпохi навогул ня мог мець дзяцей. Тады Правадыр стаў тлумачыць, што ен меў на ўвазе духоўную роднасць, i з‘яўляецца адданым прыхiльнiкам iдэй дзядзi Ванi ды намагаецца ва ўсiм быць дастойным свайго вялiкага кумiра.
Калi Клiм пачуў пра гэта, у душы яго нешта ўскалыхнулася, ен адразу адчуў нейкаю магiчнаю сувязь з гэтым чалавекам. Ен яшчэ не разумеў, навошта гэта яму, але з тае пары страцiў спакой i адчуваў неабходнасць нейкiм чынам вырашыць гэта становiшча. Дзеля гэтага ен неадкладна накiраваўся ў край, дзе валадарыў «ПП», упэўнены, што там, нарэшце, усё вырашыцца само па сабе, як таму трэба быць.

Хаўрусьнiк, якi застаўся з Клiмам у цягнiку, адгукаўся на iмя Слэйтар. Было гэта ягоным прозьвiшчам цi сапраўды iмем, даволi не тыповым для тутэйшых мясьцiн, паведамляць ен ня лiчыў патрэбным. Атачэньне гэта задавальняла. Клiм апошнiм далучыўся да гэтай кампанii вандроўнiкаў, таму ня вяльмi добра ведаў, што зьвяло ўсiх гэтых людзей разам. Пра тое, што пад выглядам абсталяваньня для металаапрацоўчай вытворчасьцi, яны павязуць зброю, яго яшчэ загадзя папярэдзiлi знаемыя надзейныя людзi, з дапамогай i пры пасрэднiцтве якiх ен й выправiўся ў дарогу на гэтым цягнiку. Цiкавiцца пра iньшыя падрабязнасьцi гэтага «камэрцыйнага» рэйсу, зразумела, было б пры дадзеных абставiнах дрэнным тонам. Дарэчы, гэта яго й ня вельмi хвалявала.
Слэйтар выконваў ролю машынiста, меў адпаведныя дакумэнты й вопратку чыгуначнiка. Ен быў болей за шэсць футаў росту, па ўсiм вiдаць не абдзелены фiзiчнай сiлай. Паглядзеўшы на яго вопытным вокам бывалага чалавека, Клiм зразумеў, што ў такога як ен знойдуцца пры неабходнасьцi адпаведныя дакумэнты й вопратка на ўсе выпадкi жыцьця. Яшчэ ен быў упэўнены, што Слэйтару даводзiлася забiваць, i не аднойчы. Трэба сказаць, што ў гэтым ен ня памыляўся. Яшчэ трэба дадаць, што ў паездцы у край, падуладны Першаму Правадыру, Слэйтар меў сакрэтнаю мiсiю, сэнс якой быў невядомы нiкому з арганiзатараў i ўдзельнiкаў гэтага рэйсу, а магчыма невядомы да канца й самому Слэйтару. Невядомы, таму што гэтая мiсiя была даручана яму вышэйшым кiраўнiцтвам Камiтэта бясьпекi Федэрацыi. Каб змоўшчыкi даведалiся пра гэта, несумненна, Слэйтара ўжо ня было б сярод жывых, а магчыма – iх. Альбо, хутчэй, усiх разам.
Браты-прадпрымальнiкi, што накiравалiся з куляметам у хвост сатаву, напэўна час ад часу й сапраўды былi прадпрымальнiкамi, а можа й зрабiлiся iмi цяпер, па неабходнасьцi. Зараз сам чорт не разьбярэ, хто есць хто на самой справе, хто чым займаецца часова, а чым заўседы. Браты былi блiзнятамi, iх практычна немагчыма было адрознiць. Трымалiся заўжды разам. Размаўлялi звычайна па чарзе, альбо казалi, незмаўляючыся, у адзiны голас абодва адное. На iх быў ускладзены цяжар клопату па афармленьню ўсiх паперных справаў на груз «абсталяваньня». Яны «падмазвалi» дзе трэба i каго трэба, каб забясьпечыць безперашкоднае транспартаваньне свайго фiктыўнага афiцыйнага грузу. Найбольш значным дакумэнтам было пацьверджаньне, што гэта пастаўка ажыцьцяўляецца на карысць эканомiкi краю, непасрэдна ў выкананьне заяўцы самога Першага Правадыра, нядаўна нанава ўсталяваўшага парушаныя нягоднiкамi пасьля сьмерцi дзядзi Ванi дзелавыя сувязi з Шаленаслаўскай губернiяй Федэрацыi. Гэта папера, як ня дзiўна, была цалкам сапраўднай, за ўласным подпiсам правадыра. Як яе здолелi здабыць, невядома, але гэты факт даваў усе падставы меркаваць, што змоўшчыкi мелi сувязi з вышэйшымi ўлыднымi коламi. Ва ўсялякiм выпадку, малаверагодна, каб гэта зброя павiнна была паслужыць на карысць правадыру. Некалькi нядзель таму ў мiрным краi выбухнула паўстаньне супраць ягонае ўлады. Зброя прызначалася паўстанцам.
Аднак, мэтай таямнiчай мiсii Слэйтара было зусiм ня выкрыцьце незаконнай пастаўкi зброi ў «гарачаю кропку», а нешта зусiм iньшае, што верагодна было больш значным й небясьпечным для Федэрацыi, а менавіта – адзiны канкрэтны чалавек. Гэту паездку Слэйтар выкарыстоўваў, хутчэй за ўсё, каб увайсьцi ў давер да змоўшчыкаў i, з iх дапамогай, дабрацца да яго.

Найбольш адметнай, i у той жа час, найбольш непрыкметнай асобай сярод хаўрусьнiкаў быў нялюдзiмы хлопец з бруднай торбай. Узростам, прыкладна, год дванаццацi - чатырнаццацi. Як высьветлiлася, ен адзiны ведаў маршрут i канчатковы пункт падарожжа, месца, куды трэба даставiць груз. Яго накiравалi да братоў-прадпрымальнiкаў у сталiцу Федэрацыi з краю ў якасьцi праваднiка. Пры гэтым хлопец быў прыдуркаватым, альбо старанна прыкiдваўся непаўнацэнным. Заўседы знаходзiўся ў нейкiм сваiм сьвеце. Амаль не размаўляў. Тым ня меньш, Клiм зьвярнуў увагу, што браты, мала што ўсяляк засьцерагаюць яго, дык яшчэ i ставяцца з нейкай незразумелай падкрэсьленай павагай. Гэта выклiкала здзiўленьне. Аднойчы Клiм убачыў пад час ежы, як той гуляе са сваiм сьвежым калам, нешта лепiць. Яго ледзь не званiтавала.
У гэтай спэцыфiчнай кампанii хаўрусьнiкаў Клiм з ягонай невыразнай мэтай падарожжа выглядаў, сама меней, нявiнным турыстам.

Частка 3. Незвычайная просьба.

Вялiкая канцэртная заля грымнула авацыямi. На сцэне раскланьваўся нейкi даволi ўжо немалады мужчына, чамусьцi апрануты ў жаночае адзеньне, якое пры гэтым пакiдала ня прыкрытымя ягоныя ягадзiцы. У ложы для важных асобаў, у атачэньнi элiты грамадства ды розных паважаных гасьцей, стоячы, плескаў у далонi сам Першы Правадыр.
- Я люблю вас! Дзякуй! Шчырае дзякуй! Я люблю вас! Я люблю вас усiх! – з выразным нацiскам на гук «х» вымаўляў стары педэраст, дасылаючы ва ўсе бакi паветраныя пацалункi, - Мы ўсе сябры i браты! Нам трэба быць разам, нам ня патрэбныя межы! Я люблю вас усiх! Усiх! Люблю у любым выглядзе! – з нейкай хваравiтай усьмешкай дадаў ен.
На сцэну да яго ўзняўся ветэран з мноствам узнагародаў на грудзях, i, апусьцiўшыся на каленi, працягнуў букет руж. Той з падзякай прыняў iх, зрабiўшы даволi ня двухсэнсоўны рух тазам у накiрунку твару ветэрана. Гэта было заканчэньне канцэрта, прысьвечанага Дню Яднаньня, сьвяту якое прыдумаў Правадыр для ўсiх, што смуткуюць па дзядзi Ванi. З кожным годам ягонай блiскучай палiтычнай дзейнасьцi павiнна было адбывацца наблiжэньне вяртаньня тых цудоўных часоў. Так цi не на самой справе, але ж смуткуючыя не павiнны былi анi ў якiм разе страчваць надзею на гэта.
Правадыр, шчыра ўсьмiхаючыся ў вусы i задаволена паблiскваючы вачыма, накiраваўся да выхаду. Канцэрт яму вельмi спадабаўся. Сьвiта й ахова пасьпяшалiся за iм.
- Прыгласiце срочна ка мне заўтра жэ с утра на ўстрэчу патрыарха, – аддаў ен на хаду распараджэньне памочнiку.
- Але ж, таварыш Першы Правадыр, на заўтра заплянавана ўручэньне даверчых грамат паслом Ганданеску.
- Атмянiце, назначце на другое ўрэмя, нiкуда он ня дзенецца этат пасол. Анi ўсе i без таго очань спесiвые эцi паслы. Пусць знают свае места i будут благадарны, што iх вабшчэ сюда впусцiлi i церпят тут.
- Слухаюсь!
Па дорозе да рэзiдэнцыi Правадыр зьвязаўся з кiраўнiком кантынгету мiратворчых узброеных сiлаў, якiя прыбылi па ягонаму ўласнаму запрашэньню дзеля навядзеньня парадку ў краi з суседняй дружалюбнай дзяржавы, генералам Мурашкiным.
- Заутра, Iванавiч, я думаю мы рэшым з патрыархам палажыцельна прозьбу твайго артыста.
- Спасибо, Алексей Герасимович. Да и он сам-то родом отсюда, как будто даже земляк ваш.
- А што ты за него так хлапочыш, ты жэ, Iванавiч, вроде бы жанаты чэлавек i дзецi есць, а? Ну ладна, шучу, шучу. Артiст харошы, паможам чэлавеку. А ты глаунае сваю задачу не забывай, раздавi мне паскарэе эцiх свалачэй, понял?
- Стараемся, Алексей Герасимович, стараемся, обязательно раздавим! – адказаў генерал, у той жа час злосна падумаўшы сам сабе: «А тебя то, козла, с твоей женой вместе хоть кто-нибудь когда-нибудь видел? Нашелся народный батька. Сраный мудак!»
Генерал таксама ня паважаў тутэйшага першага првадыра, i баяцца яго таксама ж ня меў прычын. Ен проста выконваў загад кiраўнiцтва сваей дзяржавы, якое лiчыла зараз патрэбным садзейнiчаць гэтаму палiтычнаму балбатуну. Болей за то, ен здагадваўся, што й на сваей пасадзе Правадыр апынуўся ня без дапамогi кiраўнiцтва ягонае дзяржавы, бо яно палiчыла гэта карысным й патрэбным для сабе. Але разважаць на гэты конт ен ня жадаў, таму як быў чалавек ваенны i прывык выконваць загады, а ня разважаць. Зараз генерала Мурашкiна болей турбавала зусiм iньшае – свая iнтымная справа. Гэтая незвычайная схiльнасць у яго выявiлася калi ен яшчэ быў лейтэнантам, падчас назiраньня за страявой падрыхтоўкай. Ен адчуў нейкую непераадольнаю прагу атрымліваць ад жаўнера яшчэ большую аддачу, чым ваенная падрыхтоўка, адчуў прагу iнтымных зносiн з чалавекам у форме, неабходнасць авалодаць фiзiчна. I неадкладна пачаў гэту прагу задавольваць. Паступова ен асэнсаваў, што абъектам ягонае цягi з’яуляюцца менавiта мужчыны ў форме, бо жанчыны-ваенныя чамусьцi не задавальнялi гэтай прагi. Верагодна яму было патрэбна такiм чынам зноў й зноў адчуваць уладу над мужчынамi, мець бясконцае пацьверджэньне гэтаму, а ўладу над жанчынай ен адчуваў i без таго. У апошнiя гады ягонай жонцы-генеральше зусiм рэдка выпадала мець адмысловыя зносiны. Бедная жанчына лiчыла прычынай таму - ужо сталы ўзрост генерала, не здагадваючыся, што стаiць за гэтым на самой справе.
I аднойчы здарылася так, што лес зьвеў разам, у досыць вольных абставiнах, Мурашкiна ды зорку эстрады Аўраамава, славутага ня толькi й ня столькi талентам выканаўцы, колькi нетрадыцыйнымi вычварэнскiмi схiльнасьцямi, якiмi той пры гэтым прылюдна выхваляўся. Крошка Аўраамаў лiтаральнага спакусiў бывалага ваяку. Гэта быў феерверк абсалютна новых, нязведаных раней генералам, пачуцьцяў й перажываньняў, i ен амаль цалкам страцiў розум.
Палкi раман у сталiцы Федэрацыi стаўся непрацяглымi. Генералу даручылi правядзеньне мiратворчай аперацыi, а ў эстраднай зоркi пачалiся гастролi. Гэтымi днямi канцэрты Аўраамава як раз праходзiлi па гарадах краю, дзе Мурашкiн змагаўся з сэпарацiстамi, i той зьвярнуўся да каханка па дапамогу ў незвычайнай справе, каб генерал скарыстаў дзеля гэтага свае сувязi з уладай.

Патрыарх, уважлiва выслухаўшы Першага Правадыра, здзiўлена ўскiнуў бровы. Накiроўваючыся на сустрэчу, ен чакаў пачуць што хочаш, толькi ня гэта. Ен нават зноўку спытаў правадыра, цi так ен зразумеў пачутае. Цi можа гэта дрэнны жарт? Але ўсё так, ен не недачуў.
- Но сие неслыханное святотатство! Великий грех! – усклiкнуў патрыарх. – Я не могу содействовать такому! Это невозможно!
Першы Правадыр зрабiўся пахмурным, загаварыў жорстка, адрывiста, з ноткамi ледзь стрымлiваемага раздражненьня:
- Вы што, святой ацец, не панiмаiце, што раз я, лiчна я, прашу вас, значыт эта не проста так?! Iлi вам начаць сечас аб’ясняць нашы сушчаствуюшчые на севодняшнi день прыарытеты ва унешняй i унутрэнней палiцiкi?! Вы жа умны чэлавек, я знаю – в семiнарыi дуракоу не берут, не нада думаць, што толька вы там аднi такiе «занадта» духоуные, не нада. Мы тожэ тут на атветственнай рабоце коя что смыслiм. Паймiце адно – эта творчаскi чэлавек, а такiм людзям свойственны разного рода прычуды. Кроме таво я лiчна убедiлся, што гражданская, чэлавечэская пазiцыя у нево правiльная. Он верна панiмает i паддержывает правадiмаю намi канструкцiунаю палiцiку. Скажу чэсна: мне эта зацея тожэ не па душэ i дажэ очань працiуна. Но пусць пацешыцца, пусць. Я жэ не гавару, давайце крычаць аб этам на весь свет! Нет. Нужна арганiзаваць усе у частнам парадке, без усякай агласкi. Паймiце – дела савсем не в этам iзврашчэнцэ, эта, не пабаюсь сказаць, острая палiтiчэская неабхадiмасць.
Патрыарх канешне разумеў, што калi просiць сам Правадыр, значыць ня проста так. Але ж аб чым! Такоя вычварэнства! Такая ганьба царквы! Разам з тым нельга адмовiць Правадыру…
Згода далася патрыарху вельмi пакутлiва. Што паробiш, трэба цярплiва, пакорлiва, без нараканьняў выносiць пакуты на зямным шляху, iнакш як жа патрапiш у царства божае?
- Я рад, што вы меня понялi i мы нашлi обшчы язык в этам вапросе. Кстати, па поваду фiнансiраванiя благаустройства Тлушчовiцкага манастыра i завершэнiю страiцельства Храма э-э-э, вялiкамучэнiцы вашай этай, я аддал распаражэнiя, все вапросы будут рэшэны у самы кратчайшый срок, – зноў лагодна ўсьмiхаючыся, на разьвiтаньне абнадзеiў патрыарха Першы Правадыр.
Патрыарх ня сумняваўся, што Правадыр будзе падтрымлiваць царкву на дзяржаўным узроўнi надалей, як рабiў дагэтуль, нават калi б ен i не згадзiўся зараз задаволiць незвычайнаю просьбу эстраднай зоркi - вычварэнца. Па першае - Правадыр меў рацыю рабiць гэта дзеля палiтычнай карысьцi, а яшчэ, вiдаць, праўду казалi, што есць яму якiя асабiстыя сьмяротныя грахi замальваць, вiдаць нячыстае сумленьне, калi ў такога яно ўвогуле есць. Нiколi, нi ў адныя часы, улада бяз душагубства не абыходзiлася i айцы царквы гэта добра ведалi, таму што заўседы знаходзiлiся побач.

А ноччу адбылося надзвычайнае здарэньне. Быў парушаны сон й спакой Першага Правадыра.
Дзiкi роў матацыклетнага рухавiка раздзер ноч. Матацыклiст iмчаў, як шалены, па сталiчных вулiцах, за плячыма пагрозна вiднеўся ствол снайперскай вiнтоўкi. Скакаў яго злавесны доўгi цень па сьценах сьпячых будынкаў. Здавалася, ен распрасьцерся ў паветры на матацыкле вельмi старой мадэлi, якiх ужо шмат гадоў не выраблялi. Сьпяваў пад iм асфальт, разьвявалася ягоная вопратка, дарожны бруд ляцеў з-пад колаў, i самотная вострая зорка гарэла над шлемам у вышынi.
Пякельны матацыклiст спынiўся перад рэзыдэнцыяй Першага Правадыра, чыркануўшы па шэраму асфальтаваму пакрыцьцю чорным сьледам пратэктараў. Пачуўся крык: нялюдскi, жахлiвы, дэманскi, як быццам не з чалавечых грудзей выходзiў:
- Дзядзька Ваня ў другiм калене - выходзь! Апошняя помста! – рыдаў й галасiў голас. – Дзядзька Ваня! Авой! Помста! Я адпачну! Дзядзька Ваня, выходзь!
Ахова нават не пасьпела нiчога зрабiць. Матацыклiст жудасна ўзроў рухавiком, iрвануў зь месца i зьнiк у тумане, напоўзшым на вулiцы змрочнага гораду.


Postscriptum:
працяг будзе
1989 (частка 1), VI - X. 2002 (часткi 2,3)
БССР-Belarus
©  Dobry dziadźka Han
Объём: 0.488 а.л.    Опубликовано: 30 08 2007    Рейтинг: 10    Просмотров: 6639    Голосов: 0    Раздел: Приключения
«Машанька»   Цикл:
Па-беларуску
«Дарога - 3 (Лiшасонця) частка 4»  
  Клубная оценка: Нет оценки
    Доминанта: Метасообщество Беларуская прастора (Пространство, где участники размещают свои произведения и общаются на белорусском и русском языках)
Добавить отзыв
Логин:
Пароль:

Если Вы не зарегистрированы на сайте, Вы можете оставить анонимный отзыв. Для этого просто оставьте поля, расположенные выше, пустыми и введите число, расположенное ниже:
Код защиты от ботов:   

   
Сейчас на сайте:
 Никого нет
Яндекс цитирования
Обратная связьСсылкиИдея, Сайт © 2004—2014 Алари • Страничка: 0.02 сек / 29 •