Апавяданьне
Пачаўшы праверку вучнеўскіх складаньняў, настаўнiца жахнулася. Стройнымя радкамi, даволi прыгожым дзiцячым почыркам, у сшытку было напiсана: «Я пачаў сьпiсваць у суседа, як звычайна, таму што лiчу нiжэй свайго гонару займаць свой розум гэткай бязсэнсавай справай, але ж я вымушаны штосьцi пiсаць, каб атрымаць хоць якую-небудзь адзнаку. Аднак, гэты недаробак пiша пра тое, што марыць стаць мянтом. Гнюсным мянтом? Не, нiколi, пазбаўце такой долi. Хаця ўся задума з гэтым сачыненьнем – бязумоўна, дурасць, я не магу спакойна перапiсваць гэтае глупства. Таму, тут мне прыйдзецца ўсе ж распавесьцi крыху ад сябе асабiста. Ужо кiм-кiм, а мянтом я не стану нiколi. Таму што мой бацька кажа, што мянты – гэта людзi, чыя духоўнасць знаходзiцца на ўзроўнi задавальненьня палавых iнстынктаў ды ўжываньня моцных сьпiртовых напояў, прычым пажадана ў камфортных бытавых умовах. Не вышэй за гэта. А гэта не духоўнасць, гэта адстой. У мяне няма падставаў ня давяраць бацьку. Ен ведае, што кажа, таму як працуе начальнiкам мiлiцыi нашага гораду i лепей, чым хто, ведае сваiх падначаленых…». Настаўнiца ўзгадала аднаго курсанта са школы мiлiцыi, што нейкi час настойлiва дамагаўся яе ў студэнцкiе гады. «А хлопчык у чымсьцi правы», - падумалася ей. Яна працягвала. «Зрабiцца прамахадзячай жывелай, апранутай у плямiсты камуфляж мяне зусiм не прываблiвае. Ды й увогуле, я не змагу дэградзіраваць да такога стану, бо цяпер, у свае трынаццаць год я разумнейшы на парадак за любога «мухтара». Што паробiш, прыйдзецца гэтай малой пачвары ставiць «траяк». Каб не бацька, гэтыя разважаньнi яму б не сыйшлi з рук. А так, усё бязвынiкова, выхаваўчыя меры, як паказалi папярэднiя гады вучобы, аказалiся марнымi. Настаўнiца яшчэ ня ведала, што праз якiх два гады ен будзе бяссорамна красамоўна апiсваць свае набыцьце досьведу палавога жыцьця ў складаньнi на тэму «Як я правеў лета». Што яно будзе зачытана ўслых у настаўнiцкай, i паважанай Зiнаiдзе Фядотаўне, заслужанай настаўнiцы рэспублiкi з саракашасцiгадовым службовым стажам, прыйдзецца выклiкаць «хуткую дапамогу» i рабiць уколы. Так, нарэшце, застаўся толькi стос сшыткаў вучняў чацьвертага клясу. Есць спадзяваньні, што сярод гэтых хоць ужо такiх вырадкаў ня знойдзецца. Прысьпела пара даведацца, кiм жа мараць стаць гэтыя дзеткi, калi падрастуць. Дзеля аб’ектыўнасьцi трэба зазначыць, што настаўнiцу, пра якую яшчэ нядаўна можна было б казаць маладую настаўнiцу, але маладосць так i прамiльгнула за гэтымя сшыткамi i непрыкметна некуды зьнiкла, дык вось цяпер яе гэта мала цiкавiла. Не тое, што ў першыя год-другi працы. На дзесятым годзе праца зрабiлася абрыдлай. Адзiн, другi сшытак. Той у нас будучы лекар, гэты - вайсковец. Зноў адныя ды й тыя ж граматычныя памылкi. Да чаго ж тупыя дзетачкi! Да чаго ж усё абрыдла! Але што гэта?! Твар настаўнiцы раптам аж перакрывіла. - Што гэтая сучка тут накрэмзала!? – яна раззлавана адкiнула сшытак маленькай Машанькi, спакойнай ды цiхай дзяўчынкi з апошняе парты, з тых вучанiц, каго называюць «шэрымi», - ну, сучка, ну, дэбiлка! Настаўніца не магла стрымліваць свой гнеў.
Машанькiн бацька, якога яна нiколi ня бачыла, казалi сядзiць у турме i калi здараецца выходзiць адтуль, дык толькi за тым, каб хутка зноў там апынуцца. Мацi шмат пiла гарэлку i пасьпела памерцi ад яе якраз за дзень да таго, як суд павiнны быў пазбавiць яе бацькоўскiх правоў. Машаньку гадавала бабка. Разам з бабуляй яны жылi небагата на яе пенсыю. У гэтым яна вiнавацiла цяперашнюю ўладу. У бабулiнай кватэры было дзьве рэчы, якiя яна вельмi шанавала: iкона Божай мацi – заступнiцы з кругам вакол галавы i партрэт лысага дзядзечкi з бародкай клiнышкам. «Гэта, унучанька, Ленiн, - тлумачыла яна пра дзядзечку на партрэце, - каб яго не забiлi жыды, зараз бы ўсё жылi ў шчасьцi i радасьцi». Жыдоў яна дарэчы таксама вiнавацiла разам з уладай у цяперашнiм дрэнным жыцьцi, бо, па яе словах, яны й забралi ўсю ўладу сабе. Божай мацi бабуля штовечар малiлася, просячы дзеля сабе шчасьця й радасьцi на тым сьвеце, як памрэ, а дзеля Машанькi шчасьця й радасьцi ў жыцьцi на гэтым сьвеце. - А чаму жыды забiлi Ленiна? – пыталася маленькая Машанька. - А каб адняць у нас, у рускiх людзей, радасць i шчасьце, - адказвала бабуля. - Каб адняць i забраць сабе? – працягвала дапытвацца Машанька. Тут бабуля ў сваю чаргу на хвiлiну задумвалася, пасьля роздуму няпэўна адказвала: - Ну…, так, вядома ж… - А хiба гэта магчыма, адняць у некага радасць, каб потым узяць яе сабе? – разважала разумнае дзiцё, - у кожнага ж свая радасць, а калi ў некага адняць, дык яе тады проста ня будзе i ўсё. А ў таго, хто адняў, як яна зьявiцца, яна ж не пераходзе з аднаго на другога, у кожнага свая? Гэтыя разважаньнi пачыналi злаваць бабулю. Яна раздражнена тлумачыла, верагодна абапiраючыся на свой вялiзарны жыцьцёвы досьвед у гэтым пытаньнi: - Для iньшага - адно што адняць у некага радасць, ужо за шчасьце! Болей ня трэба!
Настаўнiца нэрвова закiнула ў сумку цыгарэты, запалку. «Заўтра жа буду патрабаваць, каб гэтую дэбiлку перавялi ў школу для разумова адсталых!». Зачыніла клясу. Пара да дому, хаця можна й ня сьпяшацца. Усё роўна ніхто не чакае. Унізе грукнулі дзверы, аж зазьвiнела шкло. Нiжэй этажом па лесьвiцы загрукаталi ногi вучняў, што хутка беглі. Пачуўся гук моцнага пляўка наўздагон, праз парэнчы. - Пiдар ванючы! - Сам пiдар! Атсасi! Хулiганы выбеглi з будынку школы. Хто гэта быў, настаўнiца не пасьпела ўбачыць. «Дэбiлы! Хамы i дэбiлы!», - злавала яна ў думках.
Праз тыдзень маленькую Машаньку “разьбіралі” на педагагічным савеце. Як водзіцца, “разьбіралі” што ў прамым, што ў праносным сэнсе. Нават запрасілі дзіцячага псіхоляга. Вельмі ўжо карцела прэпарыраваць дзіцячую душу, як належыць. Выявіць, а што калі сапраўды дзіценак хворы? Навошта тады праблемы. Тым больш, дзяўчынка з дрэннай сям’і, бацька ў турме, маці была алкагалічка, зноў жа дрэнная спадчыннасць. Калі раптам што ўтворыць? А ў клясе амаль палова вучняў – дзеці кіраўнікоў ды начальства разнастайных узроўняў. Так выйшла, што побач прэстыжны жылы раен пабудавалі, “дваранскае гняздо”, як у народзе кажуць. Лепей падстрахавацца, прадухіліць, папярэдзіць, каб потым чаго ня выйшла, каб не пашкодзіла рэпутацыі школы. А для такіх дзяцей, як яна, з асаблівасьцямі, есць і школы спецыяльныя. - Дык ты кажаш, Машанька, твая бабуля гэта робіць? – з іспытам паглядаючы паверху акуляраў каторы раз дапытвалася жанчына-псіхоляг, па адзінаму выгляду якой кожнаму даросламу было б зразумела, што ў яе самой вялікія нявырашальныя праблемы і, верагодна, пагэтаму яна і зрабілася псіхолягам. - Так, - зноўку тлумачыла Машанька, - бабулю тады клічуць, знаходзяць праз суседзей альбо знаемых, бо самі ня ўмеюць як сьлед. - А ты калі-небудзь бачыла, як яна гэта робіць? Бабуля бярэ цябе разам з сабой? Ты ей дапамагаеш? – працягваўся допыт з катаваньнямі. - Не, не бярэ, - прастадушна адказвала дзяўчынка, - яна кажа, што я яшчэ маленькая і напужаюся. Нябожчыкі бывае жахліва выглядаюць, асабліва калі чалавек не праведнай сьмерцю памер. Але я не баюся, я ўжо памерлых колькі разоў бачыла: і маці ў труне, і ў суседзяў калі баба Паліна памерла, і ў другім пад’ездзе ў прошлым годзе... - Ну добра, зразумела. А вось адкажы, чаму ты, Машанька, лічыш, што твая настаўніца памрэ, табе хочацца гэта сабе ўяўляць? Твар настаўніцы пры гэтых словах непрыязна скрывіўся. - Усе людзі паміраюць, - шчыра здзівілася Машанька пытаньню непанятлівай цеткі, - Елена Васільлеўна ж старэйшая за мяне, таму калі яна памрэ, я яшчэ буду жывая. - Добра, гэта зразумела. Дык вось патлумач, чаму ты напісала ў складаньні, што будзеш абмываць сваю памерлую настаўніцу, ты марыш убачыць яе няжывую і голую, і дакранацца да яе? Пры гэтым пытаньні ўсе жанчыны-педагогі (склад савету быў выключна жаночы, таму як настаўнік фізкультуры захварэў) напружана ўставіліся на маленькую вучаніцу ў чаканьні адказу, у чаканьні моманту ісьціны, прыгатаваўшыся ўсім выглядам выказаць агіду і абурэньне, каб гэта было бачна акружаючым, і ў той жа час з патаемнай прагай пачуць нешта такое, што сапраўды вельмі чакала пачуць надзейна схаваная недзе ў глыбіні кожнай зь іх частка натуры. Нібыта глядзелі порнафільм, у голас абураючыся распусьце, а вачыма так і жэрлі сцэну вычварэньня. Вядомая змагарка за пурытанскую мараль заслужаная Зінаіда Фядотаўна нават пачала незаўважна для сабе аблізваць вусны. Падобна, што яны хацелі, каб маленькая дзяўчынка аказалася некрафілкай-лесбіянкай, і сама гэта пацьвердзіла, таго не разумеючы. Каб аказалася ў іх вачах сапраўднай некрафілкай-лесбіянкай, яшчэ не асэнсаваўшай гэтага ў сабе і пагэтаму, значыць, самай сапраўднай, натуральнай, такой ад нараджэньня. Машанька здзіўлялася ў сваю чаргу, няўжо цетка на самой справе такая глупая ці прыкідваецца? Няўжо яна не разумее, што апранутага ў адзеньне чалавека не абмыеш? Цяжкая паўза, што павіснула ў паветры, ужо пачала давіць пачуцьцем сораму на прысутных педагогаў за свае нядаўнія думкі. Чым болей яна доўжылася, тым мацней. Зараз ужо кожная ад сораму перад сабой у думках адхрышчвалася ад псіхоляга, якая справакавала на такі напрамак думак, хаця літаральна толькі што, хвіліну таму, ўсе, здаецца, былі зь ей адзінадушныя ў меркаваньнях. Убачыўшы, што аб’ект дасьледваньняў не знаходзіць, што адказаць, і каб цяжкі дзіценак не “зачыніўся ў сабе”, недаробленая “калега” Фрэйда спытала зноў: - Патлумач нам, Машанька, калі ласка, чаму ты сабе хочаш выбраць такую незвычайную працу ў будучым? Вось іньшые дзеці - хто хоча працаваць на заводзе, хто быць інжынерам, хто кіроўцам аўтобусу, хто міліцыянтам. Няўжо ты не зьбіраешся вучыцца пасьля школы далей, набываць прафэсыю? - Мне падабаецца праца маей бабулі. Людзі яе шануюць за гэта, паважаюць. За тое, што яна абмывае памерлых, ей даюць грошы, заўседы частуюць чым-небудзь смачным. І памерлыя, бабуля кажа, ей удзячныя, што яна ў дарогу іх рыхтуе, на тым сьвеце яны яе Богу і анелам хвалюць. - Вось! Я казала, я казала! – ня вытрымала Зінаіда Фядотаўна, - Што не трэба пускаць у дзяржаўную навучальную ўстанову папоў! І хто мяне паслухаў? У нас царква аддзелена ад дзяржавы. Аднак, бачыце лі, зараз гэта што лі модна зрабілася! Цяпер палюбуйцеся, вынік: мала, што дома пануе рэлігійнае цемрашальства, дык ... - Да вас, паважаная Зінаіда Фядотаўна, заўседы прыслухоўваюцца, але ж пачакайце, пачакайце. Гэта мы абмяркуем як-небудзь іньшым разам, - супакоілі яе, бо ведалі, што калі не супакоіць адразу, заслужаная настаўніца потым ня хутка супакоіцца. А Машанька тым часам працягвала тлумачыць дарослым цеткам: - Мне вельмі падабаецца настаўніца Елена Васільлеўна, таму, я б абмыла яе дарам, зусім бы не брала грошай з яе сваякоў. Бо яна ж вучыла мяне ў школе. Елене Васільлеўне Машанька аднак зусім не падабалася, асабліва ў гэтую хвіліну. Яна разнэрваваўшыся, адпаведна сваей звычцы, кінула сшытак на стол і выбегла з настаўніцкай, аблаяўшы яе “кончанай дэбілкай”. Па яе паводзінах і па тым, што апынулася на гэтым педсавеце, Машанька зразумела, што настаўніца яе ненавідзіць. І за што? Менавіта за шчыра выказанаю сымпатыю да яе. Цяпер яна вораг, яна ўстроіла гэта ўсё, і ўсе гэтыя людзі сабраліся тут і пытаюць яе, каб зрабіць ей нешта дрэннае, ад іх так і зыходзяць флюіды небясьпекі, яна вельмі добра ды выразна адчувае пагрозу. Машаньке зрабілася прыкра. Яна прыгадала словы бабулі, якую вымусілі пакуль чакаць у калідоры сваей чаргі на допыт: “Для іх адняць у некага радасць - ужо шчасьце! Болей ня трэба!”. Зразумеўшы, што гэта і есць менавіта такі выпадак, яна пачала па дзіцячаму моцна й шчыра ненавідзець настаўніцу. У адказ. За здраду. За забойства радасьці. Псіхоляг працягвала размову: - Але ж разумееш, Машанька, тое што робіць твая бабуля, гэта ж не праца, гэта так, так, як бы мовіць... - А у вас, цеця, што за праца? Якая ад вас людзям карысць, жывым ці мертвым? – нечакана спытала Машанька, перарваўшы яе і расплакалася, ей стала крыўдна за бабулю, - Вы нават ня ведаеце, што каб абмыць, чалавека спачатку трэба распрануць!
Прайшлі гады. Настаўніца Елена Васільлеўна памерла. Яна так ніколі не выйшла замуж, у яе не было дзяцей. Машанька вырасла і стала Машай. Яна жыла доўга і шчасьліва. У яе заўжды ўсе атрымлівалася. Пасьля пасяджэньня таго педсавету і пераводу яе ў спэцшколу яна даволі хутка дарвала Елене Васільлеўне і хваравітую варожасць, і здраду, і забойства радасьці, бо жыцьце ўвесь час абдорвала яе ўсё новымі ды новымі радасьцямі. Калі прыйшоў час, як і абяцала, яна прыйшла і абмыла сваю былую настаўніцу перад пахаваньнем, ня ўзяўшы грошай. Кожны сам стварае свой лёс.
Postscriptum:гэта арыгінал тэксту. пераклад на расейскую мову быў тут зьмешчаны раней.
|