Апусцілася шэрае неба, Захапіла зямлю у палон. Ну, якая ў гэтым патрэба? Не пайду да яго на паклон.
Прысвячаю я гэтыя словы Сваёй чыстай блакітнай радзіме, У лясах што схавалась ад змовы, Ад нялёгкай гаротнай гадзіны.
Дзе жабрацкія туляцца хаты Ад сцюдзёнага стылага ветру, І на вокнах чарнеюцца краты, На замкі пазачынены дзверы.
І паніклыя крылы у куце Пад счарнелай лучынай вісяць; І знямоглыя сцены у смуце: Колькі часу ад веку стаяць.
Не схавацца за тоўстыя сцены, Там агонь у вуглу не гарыць. Бо падзеі жыцця не адменіш, Як вада пад гару не бяжыць.
Апусцілася шэрае неба, Захапіла зямлю у палон. Ну, якая ў гэтым патрэба… Не пайду да яго на паклон?
|