Вазьмі рушнік і з сэрца пацалункі сьцяры, Тым рушніком з аблічча пацалункі сьцяры, Шчыра люстру ў лазенцы ў вочы зірнуць спрабуй, Зьбяры сваё і пацалунак знутры ўсяму свайму падаруй.
Бранзалеты і шпількі, майткі і каралі, запалкі і цыгарэты Сьціснеш ў кулак, глянеш назад, пальцы спляцеш як клетку, Вызваліш з клеткі маленькую птушку зь пяром афарбоўкі рэдкай: Колерамі ад інфрачырвонага да ультрафіялета.
З рушніком і той птушкай патаньчы трохі ля шкла, Покуль ты распранутая ў цэнтры лямпавага сьвятла, Покуль зморшчын няма і нямае прычыны таіць у вачох свой жах – Балет пры люстэрцы, не пры мужчыне, лётаючы як птах.
А з пацалунку дзюбы вострай голкаю язычок, Скрозь палотно рушніку сьвеціцца сонейкавы ваўчок; На нябёсах з кафлі, у хлебе з вафлі, зь цяплыні махровым сьцяжком Свабоды ў вадзе бяз сораму цела й чужынца за тым вуглом.
Голка зь яечка, запалка з каробкі і пруточак з клубка. Хочацца ніткай віцца бясконца па волі свайго вірка - Перапёлкаю, птушкаю ў пёрках пацалунка шкляной красы, Покуль танцуе і лётае пёрка ў лазенцы сярод расы.
|